Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Турма – гэта ня страшна, таму ня трэба баяцца выходзіць на плошчу"


Радыё Свабода, Менск Агляд перадачаў з цыклю “Галасы і твары плошчы”, якія прагучалі на тыдні. Мы працягваем расказваць пра тых прыхільнікаў пераменаў, якія былі арыштаваныя, асуджаныя на зьняволеньне, зьбітыя ў часе тыдня пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

30-гадовы юрыст Свабоднага прафсаюзу Алег Граблеўскі ў 2004 годзе быў на кіеўскім Майдане. На Кастрычніцкую плошчу прыехаў з Воршы. Самае моцнае ўражаньне, паводле ягоных словаў, – гэта адчуваньне еднасьці пратэстоўцаў і іхных землякоў, гатовых прынесьці на Майдан апошняе, што ў іх ёсьць. У сакавіку 2006-га тое самае Алег адчуў і на Кастрычніцкай плошчы.

(Граблеўскі: ) “Людзі проста прыходзілі і пыталіся: што вам трэба? Адных тэрмасаў там стаялі сотні! І я асабіста нават такое назіраў: стаіць спэцназавец і кажа: “Вось сволачы, яны там ядуць, а нам за суткі толькі сто грам рысу далі!” Дзяўчаты нашы гатавалі каву, гарбату. Усе мужчыны стаялі ў ачапленьні, а бабулькі сталага ўзросту зранку і ўвечары прыбіралі сьмецьце, нават за спэцназаўцамі недапалкі прыбіралі. І я ня бачыў там ніякіх “наркаманаў ды радыкальных алькаголікаў,” – “статку маладых адмарозкаў”, як выказаўся Зімоўскі.

Алегу Граблеўскаму далі 10 сутак.У Воршы з двума дзецьмі засталася жонка Алега Алеся.

(Граблеўская: ) “Як заходзіла ў бугальтэрыю плаціць грошы за свайго вязьня, дык выйшаў мужчына, каб абвестку нам нейкую зрабіць, і пытаецца: “Хто ў вас сядзіць?” Кажу: “Муж”. А ён: “Дык як жа вы яго адпусьцілі? А самі што?” “Сама, – кажу, – зь дзецьмі сяджу, двое дзяцей на руках”. Пытаецца: “А каб ня дзеці, таксама б паехалі?” “Канечне!”—адказваю. Ён так паглядзеў на мяне, і ў вачох чыталася: “Ну, канец гэтаму рэжыму, неўзабаве нешта зьменіцца!”

Пра акцыю на Кастрычніцкай плошчы 19-гадовы праграміст Віктар Грынчык даведаўся з навінаў незалежных інтэрнэт-сайтаў. Вырашыў пабачыць пратэст на свае вочы. Акцыя ўзрушыла, і ён штодня пачаў прыяжджаць на плошчу, але на ноч бацька яго забіраў дадому. На плошчы Віктар застаўся толькі ў апошнюю ноч, з 23-га на 24-га. Прынамсі, учынак Віктара наўрад ці быў выпадковым. У сям’і, дзе ён рос, у асяродзьдзі сваякоў і блізкіх да свабодалюбівых ідэяў ставяцца як да вялікай каштоўнасьці. Гаворыць маці Віктара Лілія Грынчык:

(Лілія Грынчык: ) “Дзеці гэтыя каму пагражалі?! Проста яны хацелі выказаць сваё меркаваньне. Яны там не стаялі п’яныя, як гэта апісвалі. Стаялі са сьвечкамі, з балёнчыкамі, з плякатамі. І за гэта хіба трэба было хапаць? Ужо страшна. У нас такое пачуцьцё, што можа стаць, як пры Сталіне. Што будуць саджаць і саджаць…”

За ўдзел у акцыі суд пакараў Віктара Грынчыка дванаццацьцю суткамі арышту, якія ён адбываў у Жодзінскай турме. Зьняволеньне, аднак, не зламала хлопца. Тут ён знайшоў шмат сяброў-аднадумцаў:

(Грынчык Віктар: ) “Людзі там былі зьяднаныя адной ідэяй. Мы там разумелі адзін аднаго з паўслова. Такой кампаніі ў адным месцы, напэўна, нідзе не спаткаеш ва ўсёй Беларусі. Толькі, можа, хіба што яшчэ была такая на Плошчы. Дзе сабраліся людзі, вартыя павагі і вельмі каштоўныя”.

Юрась Сідун – дызайнэр, адзін з супрацоўнікаў інтэрнэт-рэсурсу studenty.by.

Разам зь ягонай дзяўчынай Вольгай Кузьміч і сябрамі, Юрася затрымалі ў першую ноч існаваньня намётавага лягеру. Дзесяць сутак, пакуль знаходзіўся на Акрэсьціна, Юрась пакутаваў ад невядомасьці. Ён ня ведаў, што сталася зь ягонай Вольгай – колькі ёй далі сутак і дзе яна знаходзіцца, ці даходзяць ёй перадачы...

На думку Юрася, улада меркавала запужаць людзей арыштамі. Але дамаглася цалкам супрацьлеглага выніку.

(Юрась: ) “Адзін хлопец, які быў са мной у камэры, таксаваў уначы. Ехаў міма плошчы – яго затрымалі. Разам з ДАІшнікамі прыехаў на Акрэсьціна. Яму далі 12 сутак, сказаўшы, што ён выкрыкваў стандартныя лёзунгі “Ганьба” і гэтак далей. Праз гэтыя суткі хлопец выйшаў на волю зусім іншым чалавекам – пачаў прапаноўваць нейкія цікавыя акцыі свае, шэраг ініцыятываў...”

Магчыма, мяркуе Юрась, гэткім мэтамарфозам спрыялі ледзьве не сэмінары на тэму палітадукацыі, якія ладзіў Алесь Янукевіч, намесьнік старшыні БНФ. На думку Юрася Сідуна, прымаўка:“Усё, што ні робіцца, – да лепшага!” – акурат пра сёньняшні час Беларусі.

Аляксей Сюдак, лідэр Вялейскай суполкі БНФ, пасьля фінішу агітацыйнай кампаніі за Мілінкевіча ў Вялейцы Аляксей Сюдак падаўся ў сталіцу. Але сувязь зь ім тут раптоўна абарвалася. Аказалася, трапіў на Акрэсьціна. Віктар дзеліцца турэмнымі ўражаньнямі.

(Сюдак: ) "Самае цікавае на 25 сакавіка было, калі Казулін вёў людзей да Акрэсьціна. Я тады знаходзіўся ў камэры, вокны якой выходзілі ва двор. Сюды загналі спэцназ – з аўтаматамі, пісталетамі. Загналі туды два аўтамабілі накшталт “хамэраў” – гэта аўтамабілі расейскай вытворчасьці, “тыгры”. Яны стаялі зь непрабівальнымі шчытамі. Мы разумелі, што адбываецца нешта сур’ёзнае, што, відаць, людзі ідуць сюды, хаця мы й ня ведалі, што яны ідуць".

Супрацоўнік прыватнай фірмы, праграміст і вядомы ў Беларусі эспэрантыст Зьміцер Лапцёнак ніколі ня быў рэвалюцыянэрам. Некалькі разоў хадзіў на “Чарнобыльскі шлях”, але, як сам кажа, “для масавасьці”. На Кастрычніцкай плошчы апынуўся сам ня ведаючы як. Галоўная выснова, якую ён для сябе зрабіў пасьля пятнаццацісутачнай адсідкі ў Жодзіне:

(Лапцёнак: ) “Я больш упэўніўся, што справа свабоды вартая, трэба й далей гэтак рухацца. І даведаўся пра тое, што турма – гэта ня страшна, гэта не балюча, таму ня трэба баяцца выходзіць на плошчу ці паказваць свае перакананьні. Ня трэба баяцца, што пасьля гэтага будзе турма. Гэта ня самае горшае, што можа здарыцца ў жыцьці чалавека”.

Зьміцер даўно займаецца эспэранта. Мае сяброў-эспэрантыстаў у самых розных краінах сьвету. Калі ён напісаў на эспэранта свае нататкі пра Кастрычніцкую плошчу, ягоныя замежныя сябры былі ўзрушаныя.

(Лапцёнак: ) “Некаторыя людзі, якія больш цікавяцца гісторыяй ці палітыкай, яны папросту параўноўваюць з Чылі, з Аргентынай, зь іншымі дыктатарскімі рэжымамі й кажуць: шкада, канечне, што ў нашае такое прагрэсіўнае стагодзьдзе яшчэ застаюцца краіны, у якіх замест дыскусіі адбываецца гвалт”.
XS
SM
MD
LG