Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускія падзеі гэтага тыдня і іх розгалас у сьвеце


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Наступствы чарнобыльскай катастрофы, становішча з правамі чалавека і рэпрэсіі супраць арганізатараў “Чарнобыльскага шляху” ў Менску выклікалі на гэтым тыдні шырокую рэакцыю ў сьвеце.

24 красавіка, панядзелак

Злучаныя Штаты падтрымалі абвяшчэньне сьпісу беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўрапейскага Зьвязу. Пра гэта заявіў намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША па краінах Эўразіі Дэвід Крамэр. Паводле яго, Злучаныя Штаты "практычна штодня пашыраюць свой сьпіс", аднак, у адрозьненьне ад Эўразьвязу, ня могуць абнародаваць імёнаў тых, хто ў яго ўнесены.

Нямецкія мэдыі надрукавалі справаздачу Міжнароднага таварыства правоў чалавека, якое базуецца ў Франкфурце-на-Майне. У дакумэнце пад назвай "Арыштаваным жанчынам пагражалі згвалтаваньнем" утрымліваюцца шматлікія факты парушэньня правоў жанчын у часе і пасьля ліквідацыі намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Арганізацыя лічыць неабходным, каб пра гэтую сытуацыю з правамі беларускіх жанчын у зьняволеньні даведаліся як мага болей людзей.

Дэпутаты Эўрапейскага парлямэнту заявілі пра неабходнасьць ліквідацыі праграмы тэхнічнай дапамогі краінам СНД – ТАСІС, у рамках якой выдаткоўваюцца сродкі і Беларусі. Паводле парлямэнтароў, сродкі у рамках праграмы ТАСІС раскрадаюцца, выкарыстоўваюцца неэфэктыўна, а ў выпадку Беларусі імі карыстаюцца таксама і беларускія ўлады.

Гаворыць дэпутат Эўрапарлямэнту Барбара Кудрыцка:

(Кудрыцка: ) “Калі браць пад увагу праблемы, якія ўзьнікаюць пры дапамозе ў рамках праграмы ТАСІС, я лічу, што было б правільна яе ліквідаваць. Нельга дапусьціць, каб сродкі марнаваліся, а тым больш каб зь іх меў нейкую карысьць рэжым Лукашэнкі. Гэта, вядома, ня значыць, што Беларусі ня трэба дапамагаць – дапамога будзе, але яна будзе больш празрыстая і будзе служыць абароне правоў чалавека ці разьвіцьцю дэмакратыі”.

25 красавіка, аўторак

Амэрыканскі кангрэсмэн Джон Шымкус, які прыяжджаў як назіральнік на беларускія прэзыдэнцкія выбары, выступіў на паседжаньні Кангрэсу ЗША з прамовай аб сытуацыі ў Беларусі. Ён сказаў, што Аляксандар Лукашэнка, захаваўшы ўладу ў выніку несвабодных і несправядлівых выбараў, можа палічыць, што ўвага ўсясьветных мэдыяў да Беларусі зьменшылася, і таму можна жорстка здушыць традыцыйнае шэсьце апазыцыі – “Чарнобыльскі шлях”.

(Шымкус: ) “Я скарыстаю свой час сёньня, каб зьвярнуцца да яго, зьвярнуцца да людзей Беларусі, да людзей, якія прагнуць свабоды і дэмакратыі, што сьвет будзе сачыць за заўтрашнім мітынгам. Я спадзяюся, што мае калегі ў гэтай залі разам са мной выступяць у падтрымку свабоды ў Беларусі і будуць супрацоўнічаць з народам Беларусі, каб зрабіць магчымымі свабодныя і справядлівыя выбары ў гэтай краіне”.

У Вільні Сойм Літвы ўхваліў адмысловую рэзалюцыю да 20-х угодкаў чарнобыльскай катастрофы. Ініцыятар рэзалюцыі – Вацлаў Станкевіч – заявіў, што “Літва павінна дамагацца міжнароднай падтрымкі ахвяраў Чарнобылю ў Беларусі, паколькі ізаляваны беларускі рэжым ня можа гэта рабіць".

У бэрлінскім Доме дэмакратыі і правоў чалавека ўвечары 25 красавіка адбылася дыскусія, прысьвечаная сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Тым часам газэта “Frankfurter Allgemeine” напісала: “Сёньняшняя палітычная сытуацыя ў Беларусі не ў апошнюю чаргу зьвязаная з традыцыйным абыякавым стаўленьнем да гэтае краіны з боку Эўразьвязу. Хвалюе тое, што пасьля брутальных прэзыдэнцкіх выбараў 19 сакавіка, кароткачасовая актыўнасьць эўрапейцаў ізноў можа зьнізіцца і мы ізноў прачнёмся толькі ў 2011 годзе, напярэдадні чарговых прэзыдэнцкіх выбараў… Беларусь павінна заставацца на парадку дня эўрапейцаў. У дачыненьні да шараговых беларусаў мусіць дзейнічаць спрыяльная візавая палітыка ў краіны Эўрапейскага Зьвязу і наадварот, у дачыненьні да тых, хто адказны за фальсыфікацыю выбараў, павінны быць уведзеныя самыя жорсткія рамкі”.

26 красавіка, серада – Дзень Чарнобыльскай трагедыі

Міністэрства замежных справаў Украіны заклікала беларускія ўлады забясьпечыць права грамадзянаў Беларусі на мірныя сходы і пазьбегнуць сілавых дзеяньняў адносна ўдзельнікаў “Чарнобыльскага шляху” ў Менску.

У Эўрапейскім парлямэнце адбыліся дэбаты “Дваццаць гадоў пасьля Чарнобылю: высновы на будучыню”. Брытанец Грэхам Уотсан заявіў, што да колькасьці ахвяраў Чарнобылю трэба дадаць больш за тысячу пацьверджаных выпадкаў сьмерці на рак, а таксама больш за 93 тысячы ахвяраў іншых хваробаў, якія былі выкліканыя радыяцыйным выпраменьваньнем пасьля Чарнобыля. Дэпутат Клод Турмэс зь Люксэмбургу ў сваю чаргу адзначыў, што праўдзівая і поўная інфармацыя пра наступствы аварыі дагэтуль хаваецца ад людзей.

Пікеты з нагоды Чарнобылю адбыліся ў Варшаве, Брусэлі, Стакгольме, Кіеве. Удзельнікі акцыі ў Варшаве каля беларускай амбасады падпісаліся пад зваротам, у якім ад беларускіх уладаў патрабуецца спыніць перашкоды на шляху гуманітарнай дапамогі ахвярам чарнобыльскай катастрофы і падаць насельніцтву праўдзівую інфармацыю пра наступствы аварыі.

Міжнародная праваабрончая арганізацыя “Amnesty International” правяла акцыю ля амбасады Беларусі ў Празе. Каля 50 праваабаронцаў спрабавалі перадаць пэтыцыю на імя Аляксандра Лукашэнкі, у якой выказваўся пратэст супраць грубага парушэньня правоў чалавека ў Беларусі. Аднак іхныя спрбы былі марнымі.

27 красавіка, чацьвер

Прадстаўнікі ўрадаў, міжнародных арганізацыяў, палітыкі, праваабаронцы многіх краінаў сьвету выказалі асуджэньне рэпрэсіўных дзеяньняў беларускіх уладаў у дачыненьні да арганізатараў “Чарнобыльскага шляху” ў Менску. Кіраўнік НАТО Яап дэ Хоп Схефэр заклікаў вызваліць Аляксандра Мілінкевіча.

(Схефэр: ) "Гэта, вядома, непрымальна. Я баюся, што гэта зьяўляецца чарговым прыкладам антыдэмакратычных дзеяньняў гэтага рэжыму ў Беларусі. Я заклікаю ўлады ў Менску неадкладна вызваліць спадара Мілінкевіча і надалей устрымацца ад падобных дзеяньняў”.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Злучаных Штатаў Адам Эрэлі зрабіў заяву наступнага зьместу:

(Эрэлі: ) “Гэтыя дзеяньні абуральныя і вартыя асуджэньня, і, на жаль, гэта толькі фрагмэнт ў сэрыі падобных дзеяньняў, накіраваных супраць грамадзянаў Беларусі, якія проста спрабуюць скарыстацца сваімі базавымі правамі і свабодамі. Мы асуджаем гэтыя дзеяньні і заклікаем беларускія ўлады неадкладна вызваліць атрыманых і зьняць зь іх усе абвінавачваньні”.

Пазьней і дзяржаўны сакратар ЗША Кандаліза Райс, знаходзячыся ў Сафіі, асудзіла “ганебны” арышт і асуджэньне Аляксандра Мілінкевіча.

Аналягічныя заявы зрабілі таксама Сэйм Польшчы, Міністэрства замежных справаў і Сойм Літвы. Абурэньне новай хваляй затрыманьняў апазыцыі ў Беларусі і патрабаваньні іх вызваленьня выказалі высокія эўрапейскія чыноўнікі – генэральны сакратар Рады Эўропы Тэры Дэвіс, эўракамісар у пытаньнях замежных сувязяў і палітыкі добрасуседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр, прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэн, кіраўнік сацыялістычнай групы Эўрапарлямэнту Марцін Шульц і іншыя.

"Чарнобыльскі шлях" і затрыманьні лідэраў апазыцыі шырока пракамэнтавалі і заходнія мэдыі.

Нямецкая "Frankfurter Allgemeine": “Гэта – тактыка рэжыму, які хоча ўсяліць у сваіх праціўнікаў няўпэўненасьць”… Час выкліку ў пракуратуру cупаў з часам, калі ў Мілінкевіча была заплянаваная сустрэча з замежнымі журналістамі”.

Агенцтва Франс-Прэс: "Акцыя насіла палітычны характар, дэманстранты патрабавалі зыходу Аляксандра Лукашэнкі з пасады прэзыдэнта, а лідэр апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч заявіў пра ўзмацненьне кампаніі, якая мае на мэце адстаўку дзейнага кіраўніка Беларусі законнымі мэтадамі".

Асашыйтэд Прэс: “Вялікая колькасьць удзельнікаў акцыі можа быць знакам таго, што прыхільнікі Мілінкевіча здольныя падтрымліваць на высокім узроўні сваю гатовасьць удзельнічаць у кампаніі супраць аўтарытарнага праўленьня Лукашэнкі”.

28 красавіка, пятніца

З усяго сьвету працягвала ісьці нэгатыўная рэакцыя на арышт беларускіх апазыцыйных палітыкаў.

Міністар замежных справаў Канады Пітэр Мак-Кэй сказаў, што арышт Мілінкевіча – гэта чарговы прыклад таго, як беларускі рэжым забараняе свабоду й дэмакратыю ў краіне. Мак-Кэй заклікаў беларускія ўлады неадкладна вызваліць апазыцыйнага лідэра.

Таксама міністар замежных справаў Бэльгіі Карэл дэ Гухт, які зьяўляецца дзейным старшынём АБСЭ, залікаў да неадкладнага вызваленьня Мілінкевіча і ягоных прыхільнікаў, выказаўшы “жорсткае асуджэньне” іхных арыштаў.

Патрабаваньне аб вызваленьні лідэраў беларускай апазыцыі, арыштаваных за ўдзел у дазволенай дэманстрацыі, прагучала таксама ў Бэрліне, дзе міністар замежных справаў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер назваў дзеяньні беларускіх уладаў “спробай запалохаць і прымусіць замаўчаць беларускую апазыцыю, што аддаляе беларускія ўлады не толькі ад эўрапейскіх каштоўнасьцяў, але і ад уласных грамадзян”.

У інтэрвію расейскай газэце “Время новостей” амэрыканскі палітоляг, былы дарадца прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Зьбігнеў Бжазінскі зазначыў, што найважнейшым на ліпеньскім саміце “вялікай васьмёркі” будзе пытаньне Беларусі, бо, як ён выказаўся, “мы назіраем поўную адсутнасьць дэмакратыі ў апошняй дыктатуры Эўропы. Адначасна трывожыць нас і роля Расеі, бо яна дае падтрымку Беларусі”.
XS
SM
MD
LG