Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Польшчы патрабуе неадкладна вызваліць палітвязьняў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Міністэрства замежных справаў Польшчы выступіла з афіцыйнай заявай у справе знаходжаньня ў вязьніцах беларускіх апазыцыйных лідэраў. У дакумэнце патрабуецца неадкладна вызваліць палітвязьняў.

У заяве МЗС Польшчы гаворыцца:

“Міністэрства замежных справаў Польшчы з абурэньнем успрыняло арышт беларускімі ўладамі Аляксандра Мілінкевіча, а таксама яго паплечнікаў лідэра партыі БНФ Вінцука Вячоркі, старшыні партыі працы Аляксандра Бухвостава і лідэра партыі камуністаў беларускай Сяргея Калякіна, якіх абвінавацілі “ў актыўным удзеле ў нелегальнай масавай акцыі”. Мы лічым, што арыштаваныя толькі скарысталі свае асноўныя правы – права на свабоду сходаў і свабоду слова, якія дзяржава павінна гарантаваць сваім грамадзянам”.

Паводле польскага МЗС, арышты лідэраў апазыцыі, гэта “чарговая праява рэпрэсіяў, якія беларускія ўлады ўжываюць супраць уласных грамадзянаў, якія маюць адвагу дамагацца шанаваньня асноўных грамадзянскіх свабодаў і правоў чалавека”.

У заяве таксама “рашуча асуджаецца” “выкраданьне і зьбіцьцё” лідэра АГП Анатоля Лябедзькі.

“Мы патрабуем неадкладна вызваліць спадароў Мілінкевіча, Вячорку, Калякіна, Бухвостава і Казуліна”, – гаворыцца ў заяве польскага МЗС.

Між тым кіраўнік гэтага міністэрства Стэфан Мэлер заявіў аб сваім зыходзе ў адстаўку. Спадар Мэлер яшчэ раней папрэджваў, што калі кіруючая ў Польчшы партыя “Права і справядлівасьць” падпіша кааліцыйнае пагадненьне з папулісцкай партыяй “Самаабарона”, дык ён адмовіцца ад сваёй пасады. Так і здарылася.

(Мэлер: ) “Падпісаньне кааліцыйнага пагадненьня стала прычынай маёй адстаўкі. Я, аднак, застануся ў міністэрстве да 5 траўня, пакуль ня будзе прызначаны новы міністар”.

Пакуль невядома, хто ўзначаліць польскі МЗС. Сярод найбольш рэальных кандыдатаў – цяперашнія міністры абароны і культуры – Радэк Сікорскі і Казімеж Уяздоўскі, а таксама кіраўнік камісіі Сэйму ў міжнародных справах Павал Залеўскі.
XS
SM
MD
LG