Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштаваныя лідэры апазыцыі адбываюць арышт, як усе


Радыё Свабода, Менск У турме на Акрэсьціна зноў трымаюць палітвязьняў. Гэтым разам туды трапілі лідэр Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін, лідэр Беларускага Народнага фронту Вінцук Вячорка, лідэр незарэгістраванай Беларускай партыі працы Аляксандар Бухвостаў, лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч і сустаршыня незарэгістраванага Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч. Лідэраў беларускай апазыцыі абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваных мітынгах і шэсьці ў часе Чарнобыльскага шляху.

Усіх палітвязьняў трымаюць у адной камэры. Яны атрымалі харчовыя перадачы і цёплыя рэчы. Палітвязьні знаходзяцца ў старым корпусе турмы. Людзі, якія адбывалі арышты ў часе выбарчай кампаніі ў двух будынках, параўноўваючы ўмовы ўтрыманьня, казалі, што ў старым корпусе цяплей.

Харчаваньне на Акрэсьціна не палепшылася. На сьняданак даюць шклянку гарбаты і кавалак хлеба з маслам. Абед і вячэру спалучаюць разам а 6 вечара. Арыштаваным гарантавана талерка супу, каша з катлетай, кавалак хлеба і кубак гарбаты.

Аляксандр Мілінкевіч, Сяргей Калякін, Аляксандр Бухвостаў, Вінцук Вячорка і Зьміцер Дашкевіч атрымалі харчовыя перадачы і цёплыя рэчы. Каб не было халодна, кожнаму перадалі з волі спальны мяшок.

Валянцін Стэфановіч з праваабарончага цэнтру “Вясна” кажа, што перадачы для лідэраў апазыцыі нічым не адрозьніваюцца ад тых, якія раней перадавалі вязьням сумленьня.

(Стэфановіч: ) “Перадачы рыхтаваліся самыя звычайныя, такія ж, якія былі для тых, каго затрымалі ў часе ліквідацыі намётавага гарадку. Ніякім чынам мы нікога не вылучалі. Звычайны набор: каўбаса, сала, сокі, яблыкі, цыбуля… Акрамя нас, натуральна, клапаціліся й сваякі ўсіх затрыманых. Яны перадавалі асабовыя рэчы для гігіены непасрэдна кожнаму сваяку, які знаходзіцца ў турме”.

У адміністрацыі спэцпрыёмніка паведамілі “Свабодзе”, што палітычных на шпацыр выводзіць ня будуць, бо гэта не прадугледжана інструкцыяй. На грамадзкія працы іх таксама не вывядуць. Чаму? На гэтае пытаньне адказаць адмовіліся.

Прэсавы сакратар Аляксандра Мілінкевіча Павал Мажэйка запэўнівае, што арышт лідэраў апазыцыі не паралізаваў працу ў дэмакратычным лягеры.

(Мажэйка: ) “Самае важнае, каб усе лідэры, якія знаходзяцца на Акрэсьціна, зразумелі, што, нягледзячы на тое, што яны сёньня асуджаныя і знаходзяцца ў няволі, іх праца працягваецца. Тыя задачы, якія яны паставілі перад штабам і перад усімі актывістамі выконваюцца, каб іх праца была недарэмная. Тое, што яны заплянавалі, якія задачы паставілі на гэтыя два тыдні будуць зробленыя, нягледзячы на іх адсутнасьць”.

Павал Мажэйка лічыць, што людзі прыйдуць на акцыю 1 траўня ня толькі каб выказаць свой пратэст супраць прымусовых кантрактаў, але й на знак салідарнасьці з палітвязьнямі.
XS
SM
MD
LG