Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Імёны Свабоды: Мікола Ермаловіч


Уладзімер Арлоў, Менск 29.4.1921, в.Малыя Навасёлкі (цяпер Дзяржынскі раён) – 5.3.2000, Менск. Пахаваны ў Маладэчне.

Заўтра, 29 красавіка, мы маглі б павіншаваць Міколу Ермаловіча з 85-годзьдзем.

Упершыню я сустрэўся зь ім у студэнцкія гады. Дзень пры дні ў чытальнай залі беларускага аддзелу Дзяржаўнай бібліятэкі зьяўляўся й заседжваўся да закрыцьця чалавек з надзіва адметным тварам – разумным, прасьветлена-адухоўленым і разам з тым нейкім безабаронным. Прычынаю ягонай безабароннасьці быў вельмі слабы зрок: здавалася, лінзы такіх акуляраў імгненна запаляць ад сонца паперу.

Мы пазнаёміліся толькі ў 1990-м, калі імя Ермаловіча ведаў кожны нацыянальна арыентаваны беларус. Ужо выйшла кнігаю ягонае славутае дасьледаваньне “Па сьлядах аднаго міфу”, якім мы зачытваліся ў самвыдаце. Ужо было вядома, што гэта спадар Мікола пад псэўданімам Сымон Беларус нелегальна выпускаў ў сярэдзіне глухіх 1970-х часопіс “Гутаркі”, які памнажаў ягоны аднадумца мастак Яўген Кулік.

Вочы Ермаловіча амаль ня бачылі, але яго падтрымлівала шырокае прызнаньне: прыняцьце ў Саюз пісьменьнікаў, Дзяржаўная прэмія імя К.Каліноўскага за кнігу “Старажытная Беларусь” (1992), мэдаль Францішка Скарыны, атрыманьне менскай кватэры, што пакінула ў мінулым усё больш пакутлівыя штодзённыя паездкі з Маладэчна ў электрычках, дзе Мікола Іванавіч, каб не губляць часу, нярэдка чытаў пасажырам сапраўдныя натхнёныя лекцыі.

Цяпер яго называюць заснавальнікам новай беларускай рамантычнай гістарыяграфіі. Акадэмічная навука мае да ягоных працаў шмат заўваг, але ніхто з крытыкаў ня можа адмовіць, што Ермаловіч у свой час зьдзейсьніў сапраўдны подзьвіг – адкінуўшы канцэпцыі несамастойнасьці гісторыі Беларусі, абудзіўшы цікавасьць да мінулага ў дзесяткаў тысяч суайчыньнікаў, спрычыніўшыся да навуковых дыскусіяў за межамі.

Пры канцы 1990-х ягоныя вочы маглі адно адрозьніць сьвятло ад цемры. У іншай дзяржаве чалавек з такімі заслугамі атрымаў бы і адпаведны мэдычны догляд і аўтамабіль з кіроўцам. Між тым Ермаловіч мусіў рухацца па Менску амаль навобмацак. У сакавіку 2000 году ён, пераходзячы вуліцу, загінуў пад коламі таксоўкі, так і не пасьпеўшы ўзяць у рукі сваю выніковую кнігу “Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае”.

Сьмерць Міколы Ермаловіча – зь ліку тых, што застануцца на сумленьні цяперашняга рэжыму.
XS
SM
MD
LG