Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У флэш-мобе ў падтрымку "Нашай нівы" ўдзельнічала каля 300 чалавек (фота)


Радыё Свабода, Менск Каля трох сотняў чалавек правялі флэш-моб у падтрымку газэты “Наша Ніва”. Удзельнікі акцыі прайшлі шэсьцем ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Перамогі, трымаючы ў руках газэту “Наша Ніва”. Спэцназаўцы затрымалі больш за дзясятак удзельнікаў акцыі.

А 6 вечара на Кастрычніцкай плошчы на месцы, дзе ад 20 да 24 сакавіка быў намётавы лягер, за некалькі хвілінаў сабраліся некалькі дзесяткаў чалавек. Як толькі яны калёнай пайшлі па праспэкце Незалежнасьці (былы праспэкт Францішка Скарыны) у бок плошчы Перамогі, да калёны далучыліся яшчэ некалькі дзесяткаў чалавек. Усе ўдзельнікі шэсьця трымалі ў руках газэту “Наша ніва”. Напачатку моста на ходніку стаяла машына БТ. Калі калёна наблізілася да яе, апэратар пабег уніз да ракі і здымаў шэсьце на адлегласьці зьнізу, не рызыкуючы выйсьці на праспэкт.

Асноўную колькасьць удзельнікаў флэш-мобу склалі студэнты менскіх унівэрсытэтаў.

Калі калёна ўдзельнікаў флэш-мобу патрапіла на плошчу Перамогі, людзі пачалі разыходзіцца маленькі групамі. Па баках плошчы сталі два аўтобусы са спэцназам. Спэцназаўцы ў цывільным спачатку схапілі двух удзельнікаў акцыі, але ім на дапамогу кінуліся некалькі чалавек і вырвалі іх з рук міліцыянтаў. Тады байцы спэцназу зьмянілі тактыку. Яны затрымалі некалькі чалавек на вуліцы Кісялёва і яшчэ пяць чалавек на вуліцы Янкі Купалы. Затрыманых, больш за дзесятак чалавек, адвезьлі ў аддзел міліцыі Цэнтральнага раёну.









XS
SM
MD
LG