Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзевы актывіст Зьміцер Касьпяровіч выйшаў на волю


Радыё Свабода З Жодзінскай турмы пасьля больш чым трох месяцаў зьняволеньня выйшаў на свабоду моладзевы актывіст Зьміцер Касьпяровіч. Суд Маскоўскага раёну Менску прызнаў яго вінаватым у хуліганстве, зьвязаным са спробай сарваць дзяржаўны сьцяг з будынку Менгарвыканкаму, і пакараў 5-месячным арыштам. Турму Касьпяровіч сёньня пакінуў датэрмінова.

Каля прапускнога пункту Жодзінскай турмы сёньня сабраліся родныя, сябры і знаёмыя Зьмітра, а таксама журналісты. Ён выйшаў з турэмнай брамы зь вялікай торбай –– стомлены, худы і бледны. Сябры накінулі яму на плечы бел-чырвона-белы сьцяг ды віталі яго воклічамі “Жыве Беларусь!” Адразу пасьля выхаду Зьміцер Касьпяровіч адказаў на пытаньні нашага радыё:

(Касьпяровіч: ) “Першыя мае пачуцьці – гэта радасьць. Бо амаль тры з паловай месяцы я ня бачыў волі. Бачыў адны сьцены ў камэры. Тут дастаткова жорсткі рэжым, у 6.00 пад’ем, у 22.00 адбой таму хочацца найперш выспацца. Сядзелася нармальна, людзі дастаткова адэкватныя, адміністрацыя ставілася нармальна як і да ўсіх. Я ведаў, што выходжу і быў да гэтага падрыхтаваны. Тут мне ўжо сказалі, што Мілінкевіча пасадзілі на 15 сутак”.

(Карэспандэнт: ) “А ўвогуле да Вас даходзіла інфармацыя, што тут сядзелі людзі затрыманыя падчас падзеяў 19–25 сакавіка, ці вядома што небудзь пра Казуліна? Ці атрымлівалі Вы інфармацыю?”

(Касьпяровіч: ) “Інфармацыя сюды даходзіць слаба. У камэры не было тэлевізара, але былі газэты, якія даходзілі зь вялікім спазьненьнем. Аднак я меў спатканьне з маці і ў прынцыпе ўсё ведаў. Я ведаю пра парушэньні падчас выбараў і праводзіў пэўную працу з сукамэрнікамі”.

(Карэспандэнт: ) “Што Вы ў бліжэйшы час пасьля вызваленьня зьбіраецеся рабіць?”

(Касьпяровіч: ) “Тое ж самае, што рабіў да таго часу як мяне пасадзілі. Мая пазыцыя не зьмянілася. Наадварот, яна больш умацавалася гэтай адсідкай. Пасадзілі мяне незаконна, не па тым артыкуле і фактычна ні за што адсядзеў”.

Спадар Касьпяровіч быў затрыманы сёлета 17 студзеня, калі спрабаваў зьняць сьцяг з будынку Менгарвыканкаму. 27 лютага судзьдзя Маскоўскага райсуду Менску Тацяна Ўнукевіч прызнала яго вінаватым у злосным хуліганстве і пакарала 5-месячным арыштам. Зьміцер Касьпяровіч хуліганам сябе ня лічыць і патрабаваў, каб яго судзілі за зьнявагу дзяржаўных сымбаляў. На волю ён выйшаў датэрмінова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG