Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Менску адбыліся пікеты ў абарону Аляксандра Казуліна


Радыё Свабода У другой палове дня сёньня ў Менску пачаліся пікеты ў абарону лідэра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандра Казуліна. Удзельнікі акцыі ставілі свае подпісы пад зваротам да ўлады аб тэрміновым вызваленьні вязьня Жодзінскай турмы.

(Карэспандэнт: ) “На ўваходзе ў парк Дружбы народаў, што ля плошчы Бангалор, на высокім электраслупе гайдаюцца белыя й чырвоныя паветраныя шары. Тут жа гучаць абвесткі й беларуская музыка. Шмат лёзунгаў і плякатаў з фотаздымкамі й прозьвішчам Аляксандра Казуліна. Сёньня, паводле афіцыйнага дазволу Мінгарвыканкаму, – апошні дзень пікету.

(Мацкойць: ) “Я – Сяржук Мацкойць, сябра незарэгістраванай арганізацыі “Вольная моладзь”. Пікеты ня будуць спыненыя. Мы падалі новыя заяўкі больш як на 100 месцаў. У прыватнасьці, я падаў заяўку на правядзеньне пікетаў ля будынку Акадэміі навук. Дзякуючы паведамленьням Радыё Свабода, газэтаў “Народная воля” й “Наша ніва” людзі ведаюць, што мы стаім, што людзі неабыякавыя да лёсу палітзьняволеных”.

(Першая спадарыня: ) “Падпісалася за вызваленьне Казуліна, бо я была на Кастрычніцкай плошчы і бачыла, што там адбывалася. Мірных людзей зьбівалі за тое, што яны праводзілі мірную акцыю, абаранялі свае правы”.

(Другая спадарыня: ) “Я хварэю за сваю Беларусь. Жадаю, каб у нас была моцная пазыцыя. Казулін і Мілінкевіч мусяць аб’яднацца і разам выступіць супраць дыктатарскай улады”.

Са слоў намесьніка старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Канстанціна Мароза, пікеты ў падтрымку Казуліна адбываліся штодня ад 12 красавіка ў парках Дружбы народаў і імя 50-годзьдзя Кастрычніка.

(Мароз: ) “Гэта – добрая зьява. Таму што на кожным пікеце распаўсюджваецца літаратура, у тым ліку “Народная воля” і ўлёткі "Свабоду Аляксандру Казуліну". І подпісы людзі ставяць даволі ахвотна. У нас іх зараз больш як 12 тысяч. І гэта толькі ў Менску”.

Паводле інфармацыі на 19-ю гадзіну, сёньня на пікетах у падтрымку Аляксандра Казуліна затрыманьняў не было, хаця міліцыянты рабілі відэаздымкі й перапісалі пашпартныя дадзеныя найбольш актыўных удзельнікаў.

Нагадаем, Аляксандра Казуліна арыштавалі 25 сакавіка пасьля акцыі прыхільнікаў пераменаў, прымеркаванай да Дня Волі. Экс-кандыдату на прэзыдэнта пагражае да 6 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганстве й арганізацыі вулічных беспарадкаў. Аляксандар Казулін лічыць, што яго перасьледуюць за палітычную дзейнасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG