Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбыўся флэш-моб у падтрымку "Нашай нівы", ёсьць затрыманыя


Радыё Свабода, Менск Зь месца падзеяў перадае наша карэспандэнтка.

Удзельнікі флэш-мобу дайшлі да моста праз раку Сьвіслач, і дарогу ім перагарадзіла машына БТ. Апэратар БТ, які здымаў гэтую акцыю на відэакамэру, на ўсялякі выпадак, відаць, адбег уніз, да ракі, і толькі здалёк здымаў гэтую акцыю.

Удзельнікі шэсьця дайшлі да плошчы Перамогі – сюды пад''ехалі два аўтобусы са спэцназам. Спэцназаўцы пачалі затрымліваць некаторых удзельнікаў акцыі. Яны схапілі аднаго хлопца і адну дзяўчыну, але ўдзельнікаў было шмат, і людзі кінуліся ім на дапамогу. Спэцназаўцы адпусьцілі гэтых людзей, схаваліся ў аўтобусе. Аўтобус пераехаў на другі бок, і яны пачалі адтуль назіраць за ўдзельнікамі акцыі, якія ўжо разыходзіліся.

Потым некаторыя машыны пад''яжджалі да часткі моладзі, хапалі іх у машыны, і тут на плошчы Перамогі спэцназаўцы схапілі адну дзяўчыну. Яна вельмі крычала, людзі, нават ня ўдзельнікі гэтай акцыі, кінуліся ёй на дапамогу. Яны папросту думалі, што яе схапілі нейкія бандыты. Дзяўчыну закінулі ў аўтобус і павезьлі ў Цэнтральны РУУС. Удзельнікі акцыі, убачыўшы гэта, пайшлі не ў мэтро, а маленькімі групамі ў розныя бакі вуліцы.

Спэцназаўцы дагэтуль яшчэ патрулююць вуліцы, яны назіраюць за моладзьдзю. Тых, у каго ёсьць значкі "Я люблю Свабоду", затрымліваюць і перапісваюць іх пашпартныя дадзеныя. Гаворыць удзельніца гэтай акцыі:

(Дзяўчына: ) "Я прыйшла на гэтую акцыю, таму што вырашыла падтрымаць "Нашу ніву", бо я лічу, што калі заўсёды зачыняюць сродкі масавай інфармацыі толькі з-за таго сядзяць ці сядзелі ў турмах, то я ня ведаю, што трэба зрабіць БТ, бо іх кіраўнік увогуле нейкі крымінальны чалавек, і гэта для мяне дастаткова жудасна, таму я вырашыла падтрымаць "Нашу ніву" і прыйшла на гэтую акцыю".

Па заканчэньні акцыі было затрымана каля дзесяці чалавек.



XS
SM
MD
LG