Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд прызнаў, што адвакат Казуліна не вінаваты ў дробным хуліганстве


Радыё Свабода Перамогай абвінавачанага завяршыўся ў судзе Маскоўскага раёну Менску адміністрацыйны працэс над адвакатам Аляксандра Казуліна Ігарам Рынкевічам, якога падазравалі ў дробным хуліганстве.

Сёньня, 28 красавіка, на судзе над Ігарам Рынкевічам мусілі прагледзець відэастужку падзеяў, падчас якіх адвакат быў затрыманы. Учора судзьдзя Надзея Равуцкая забавязала камандзіра спэцаддзелу “Алмаз” падаць такі відэазапіс, але прагляду не адбылося. Камандзір “Алмазу” Карпянкоў паведаміў суду, што ягоныя падначаленыя здымак не рабілі, а на касэце, якую прынесьлі з пракуратуры Маскоўскага раёну, запісу не аказалася. Адвакатка Рынкевіча Алена Аўсяньнікава паведаміла “Свабодзе”:

(Аўсяньнікава: ) “Мяркую, што на стужцы было ясна зафіксавана, што ў дзеяньнях адваката Рынкевіча не было парушэньняў закону. Калі б гэтую стужку судом прагледзеў, магчыма было б зрабіць адназначную выснову пра ягоную невінаватасьць. Але стужкі няма”.

Нагадаю, адваката Ігара Рынкевіча абвінавачвалі ў дробным хуліганстве. 2 сакавіка каля Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі адвакат Аляксандра Казуліна нібыта нецэнзурна лаяўся, абражаў міліцыянтаў ды не падпарадкоўваўся іхным патрабаваньням. Ігар Рынкевіч гэтыя абвінавачаньні адкідаў. Ён тлумачыў у судзе, што прыехаў да райаддзелу міліцыі сустрэцца з экс-кандыдатам на прэзыдэнта Аляксандрам Казуліным, які на той момант знаходзіўся ў пастарунку пасьля затрыманьня ў Палацы культуры чыгуначнікаў. Ля брамы райаддзелу было шмат прыхільнікаў Казуліна, якія абураліся дзеяньнямі ўладаў. Міліцыянты людзей у райаддзел не прапускалі. Гэтак жа не пусьцілі яны і Ігара Рынкевіча, хаця ён паказаў пасьведчаньне адваката і дамову на абарону кандыдата на прэзыдэнта. Паводле Ігара Рынкевіча, празь дзесяць хвілінаў зь міліцыі выйшлі супрацоўнікі “Алмазу” і затрымалі некаторых удзельнікаў тых падзеяў, у тым ліку і яго. Ён кажа, што пры гэтым яму нанесьлі траўму галавы ды пабілі акуляры. Супрацоўнікі “Алмазу” ў рапартах напісалі, што нікога ня білі, а затрымлівалі парушальнікаў правапарадку законна.

За тры дні працэсу апыталі дзевяць сьведкаў, паказаньні яшчэ чатырох міліцыянтаў былі зачытаныя ў судзе. Адметна, што ніхто з тых, каго апыталі ў судзе, уключна з трыма міліцыянтамі, не пацьвердзіў, што Ігар Рынкевіч “лаяўся ды заклікаў штурмаваць райаддзел міліцыі”. Пра гэта засьведчыў у сваіх паказаньнях намесьнік камандзіра “Алмазу” Андрэй Шынкарэнка. Але сёньня ў суд ён не зьявіўся, хаця яго запрасілі.

Ігар Рынкевіч спачатку зьвязваў працэс з тым, што ён абараняе Аляксандра Казуліна:

(Рынкевіч: ) “Прэцэдэнт у тым, што прыцягнулі да адказнасьці адваката, які выконваў свае абавязкі. Зь мяне хацелі зрабіць дробнага хулігана, які абараняе вялікага хулігана”.

Нагадаю, справу Ігара Рынкевіча разглядала судзьдзя Надзея Равуцкая, якую пасьля выбараў занесьлі ў сьпіс неўязных у краіны Эўразьвязу. “Відаць, ня ўсе хочуць назаўсёды заставацца ў гэтых сьпісах”, — пракамэнтаваў спыненьне справы супраць сябе Ігар Рынкевіч.
XS
SM
MD
LG