Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Печ як цэнтар хаты і цэнтар жыцьця


Вячаслаў Ракіцкі, Менск (эфір 27 красавіка) Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае археоляг Ніна Здановіч.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Калі мы прамаўляем слова “печ”, яно нараджае звычайна дзьве асацыяцыі: агонь і цяпло. Пакланяючыся агню, нашыя продкі адначасна імкнуліся ўтаймаваць яго. Печ і ёсьць сродкам такога ўтаймаваньня. Разам з гэтым яна — неад’емны элемэнт чалавечага жытла цягам тысячагадовых традыцыяў. Недарэмна беларусы кажуць: “Усякай хаце па печы”. А што азначае печ для археоляга?”

(Ніна Здановіч: ) “Для археолягаў самым галоўным аргумэнтам пры вызначэньні характару знойдзеных у зямлі фрагмэнтаў пабудовы, калі высьвятляецца яе прызначэньне, ёсьць наяўнасьць ці адсутнасьць печы. Таму што менавіта печ — прыкмета дому”.

(Ракіцкі: ) “А наколькі, з гледзішча археоляга, дакладны выраз “танцаваць ад печы”?”

(Здановіч: ) “Археолягі бачаць ужо вынікі ўнутранай пляніроўкі дому: печ павінна добра асьвятляцца вокнамі, разьмяшчаецца, па мажлівасьці, справа ў кухні, а па вялікім рахунку, яна — цэнтар хаты, і вакол яе ўсё круціцца: перагародкі, прызначэньні памяшканьняў. Значэньне выразу “танцаваць ад печы” я зразумела можна сказаць, літаральна, ужо дарослаю, прааналізаваўшы ўспаміны дзяцінства. Мой тата будаваў новую хату, калі мне было гадоў пяць-шэсьць. Памятаю вялікую пустую стадолу з жоўценькім пясочкам замест падлогі, а вусаты дзядзька-пячнік кладзе печ. Цяпер разумею, што печы адразу было вызначана месца пасярэдзіне хаты, а тоўстыя падваліны-бярвеньні будучых перагародак утварылі крыж, на які, акрамя падмурку, і паклалася будучая печ. Толькі пасьля завяршэньні печы зрабілі перагародкі, а пасьля паклалі падлогу. Так што — танцавалі ад печы”.

(Ракіцкі: ) “Хаця печ грэе і корміць усіх, аднак гаспадар у яе адзін — жанчына. Недарэмна кажуць: якая печ, такая і баба?”

(Здановіч: ) “А яшчэ кажуць “што ні хата, то свой комін”. Калі гаварыць пра печ як пра цэнтар, то вакол гэтага цэнтру “круціцца” менавіта гаспадыня. Таму ёй належала не апошняе слова ў вызначэньні ня толькі таго, дзе будзе печ, але й таго, што будзе вакол яе. Печ робіцца дастаткова вялікай па плошчы, каб разьмясьціць усё патрэбнае на ёй, пад ёй і каля яе (прыкладам, палічку з посудам). I нават дзіцячая люлька і шост з хадункамі — усё месьцілася ў межах дасягальнасьці рук ці ног, паблізу печы”.

(Ракіцкі: ) “Такім чынам, вы перакананая, што першымі дызайнэрамі інтэр’еру дому былі жанчыны?”

(Здановіч: ) “Так павялося: калі ўтульна й прыгожа ў хаце — хваляць гаспадыню, а не гаспадара”.

(Ракіцкі: ) “Ці не надакучала кабеце прывязанасьць да печы?”

(Здановіч: ) “Чаму ж не? Памятаеце, зь якой радасьцю, з выскакам пабегла араць поле Магрэта замест свайго зьбянтэжанага Саўкі з п’есы Родзевіча? Каб ня так адчуваць сваю прывязанасьць, для гаспадыні надзвычай важна было, дзе разьмяшчаецца акно кухні. Ня проста каб “у гаршчок сьвяціла”, а каб па магчымасьці бачыць, што робіцца за акном — каб быць у курсе “стратэгічнай абстаноўкі” на вуліцы ці ў агародзе. Звыклая рэч: калі ад праблемы няможна пазбавіцца, трэба паспрабаваць яе максымальна зьменшыць і разгледзець нешта станоўчае ў ёй”.

(Ракіцкі: ) “Вы хочаце давесьці, шо жанчына здолела памянянь мінус на плюс і знайшла нешта станоўчае ў гэтай прывязанасьці да печы? Без электра– ці газавай пліты (ня кажучы пра мікрахвалёўку) выслоўе “Ці на малую, ці на вялікую перапечку — а ўсё ж палі печку” нагадвае менавіта пра праблемы”.

(Здановіч: ) “З гледзішча сучаснай жанчыны, для якой нават электрапліта недастаткова хуткая — праблемаў хапае. Але пагадзіцеся, што менавіта печка зрабіла жанчыну стратэгам. Стымул — зварыць як мага хутчэй, пажадана ўсё і адразу. Недарэмна кажуць “завіхацца” каля печы; а спрытная гаспадыня тая, што робіць усё ня толькі добра, але й хутка. Жанчына ўвечары як палкаводзец перад боем: прадумвае ня толькі мэню, але і ўсю заўтрашнюю “рэкагнасцыроўку”, калі хоча мець вольны час яшчэ на нешта — яна вучыцца арганізоўваць свой час і разьмяркоўваць працу сярод іншых. Таксама печка выпрацоўвае ў жанчыны камбінаторнае мысьленьне (як на пліце, прыпеку, у печы і духоўцы найбольш рацыянальна разьмясьціць усялякае начыньне).

Жанчына выпрацоўвае спэцыфічную тэхналёгію прыгатаваньня страваў (усё і адразу). Памятаю, як гэта рабіла мама. На адной фаерцы ў яе пякліся бліны, на другой у гаршку гатавалася костка для супа, а ў духоўцы грэла ваду. Перачытайце яшчэ раз “Літоўскую гаспадыню”, і вы пераканаецеся ў гэтым. Абавязкова яшчэ жанчына ашчаджала цяпло зь печы, падвешваючы над печчу кілбасы”.

(Ракіцкі: ) “Наколькі ўсё гэта насамрэч складана, пераконвае няўдалая спроба таго ж зьбянтэжанага Саўкі падмянінь жонку. I усё ж якое дачыненьне да печы мелі мужчыны?”

(Здановіч: ) “Гаспадароў абавязак і галаўны боль — дровы. А ўвогуле гаспадара больш цікавіць не кухонная, а парадная печ. Менавіта яна з ХVI стагодзьдзя была візытоўкай дому. На кафлі зьмяшчалі родавы герб. Ля яе ў парадным памяшканьні прымалі гасьцей. Вось гэтая печ была ва ўладзе гаспадара. Але часам жанчына-агрэсар квапілася й на яе, паставіўшы тушыць галубцы.

Наўпрост залежалі ад печы і мужчыны адной з самых старажытных прафэсіяў — ганчары. Зьяўляецца і адпаведны посуд. Пакуль не было фаерак, посуд быў на ножках ці на трыножках, ён быў паліваны, каб зручней мыць яго. Зьявіліся фаеркі — зьнік посуд на ножках. Зьявілася канструкцыя так званай “расейскай печы” — сталі рабіць посуд “пад вілы”, ці, як казалі на Слонімшчыне, “пад вілэ” — з вузкай прыдоннай часткай і моцна пашыранымі пукатымі сьценкамі”.

(Ракіцкі: ) “Чым печ ёсьць для астатніх сямейнікаў?”

(Здановіч: ) “Для дзяцей печ — утульнае месца для гульняў, а таксама назіральная пляцоўка падчас вялікіх застольляў (вясельляў, хрэсьбінаў). Дзеля гэтага паміж печчу і стольлю ў перагародцы пакідалася шчыліна на адну дошку (зь відам на залю). А ўвогуле, згадваючы сваё дзяцінства, магу сказаць, што печ была своеасаблівым мерай сталеньня: спачатку дзіця на яе падсаджваюць, пасьля яно залазіць на яе па білку крэсла, а калі ўжо залазіць на печ з зэдлічка, дык ужо вырасла”.

(Ракіцкі: ) “Мы выявілі розныя ролі, якія выконвала печка ў хаце: і крыніца цяпла, і карміцелька, і візытоўка, і сымбаль. Але, мне здаецца, празь яе праглядаюцца і сацыяльныя ролі сямейнікаў?”

(Здановіч: ) “Па тым, хто завіхаецца каля печы, відаць, хто з жанчын гаспадыня ў хаце. Калі яна старэе, то месца яе ўжо не каля печы, а на ёй. Ужо камандуе не яна, а ёю (маўляў, сядзі на печы ды грэй плечы)”.

(Ракіцкі: ) “Як у пагаворцы — зь зяцем сварыся — за дзьверы дзяржыся, з сынам сварыся — за печ дзяржыся. А ці можна па печы вызначыць характар гаспадыні?”

(Здановіч: ) “Так, выгляд печы і асабліва пячное начыньне (уключаючы качэргі, чапялы і палоўнікі). А калі не характар, дык настрой — дакладна. Калі, праходзячы каля дому, людзі чуюць грукат і звон з хаты — значыць, у хаце сварка, гаспадыня “бамбуе качарэжнік”. Бачыце, жанчыне і за зброяй ня трэба далёка хадзіць: усё побач, каля печы”.

(Ракіцкі: ) “Я раптам згадаў расейскую казку пра Ямелю, які на печы едзе па ваду. Ці магчымае такое стаўленьне да печы ў беларускай традыцыі?”

(Здановіч: ) “Па-першае, пачнём з таго, што наша стаўленьне да печы больш паважнае. Прыбіралі мы яе па-эўрапейску, у прыгожую кафлю. Па-другое, гультаю ў нас складана стаць героем. I потым, беларусы лічаць, што печ павінна берагчы, а не разбураць хату”.

(Ракіцкі: ) “Няма лепшай рэчы, як дома на печы?”

(Здановіч: ) “Або — ня дай Бог у чужой хаце жыць, у чужой печы цаліць. Адсюль — пашана да печы. Прыкладам, перад Вялікаднем абавязкова было і ёсьць печ пабяліць і чыстай фіранкай закрыць”.

(Ракіцкі: ) “А вам не здаецца, што нашыя размовы пра тую старажытную печ нашых бабуляў ня больш як настальгічныя ўспаміны, незразумелыя сучасным уладальніцам мікрахвалёвак і гаспадыням кватэраў з цэнтральным ацяпленьнем?”

(Здановіч: ) “Мне здаецца, набыты каля тых печаў спрыт і ўвішнасьць перадаліся на падсьвядомым узроўні добрым сучасным гаспадыням, і калі абставіны зьвядуць іх разам, усё ўсплыве. А мне асабіста прыгадваюцца адчуваньні блізкага мінулага: у сёлетнія жудасныя маразы, нягледзячы на абагравальнікі і цёплыя коўдры, жудасна хацелася прыціснуцца сьпінай да цёпленькай печы, якая толькі адна можа даць поўнае адчуваньне бясьпекі і абароненасьці роднага дому”.

(Ракіцкі: ) “Я прыгадаў іншае: калі прыяжджаеш на нашыя лецішчы, чамусьці над кожным домам бачыш комін ад печы ці каміна, хоць большасьць зь іх паліцца мо некалькі разоў на год. Вось і атрымліваецца, што нават для сучаснага беларуса-гараджаніна слова “дом”, як і раней, асацыюецца са словам “печ”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG