Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Спадзяюся, што да ліквідацыі саміх пісьменьнікаў справа ня дойдзе"


Радыё Свабода Вярхоўны Суд распачаў слуханьні ў справе ліквідацыі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Гэтага патрабуе Міністэрства юстыцыі. Падставай для пазову Мін’юсту сталі папярэджаньні, якія атрымала грамадзкая арганізацыя за некалькі апошніх гадоў, — у тым ліку за часовую адсутнасьць арыгіналу статуту, неадпаведную форму пячаткі, герб “Пагоня” на шыльдзе, а таксама правядзеньне ў будынку Дому літаратара зьезду Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”.

Падтрымаць кіраўніцтва Саюзу ў суд прыйшлі вядомыя літаратары, прадстаўнікі амбасадаў і шматлікія журналісты. Усе ахвотныя у залі паседжаньня не зьмясьціліся, але судзьдзя Генадзь Мільто ня ўзяў пад увагу хадайніцтва перайсьці ў большае памяшканьне.

Пра выстаўленыя вінавачаньні й пра хаду першага дня слуханьняў гаворыць старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч:

(Пашкевіч: ) “Адчуваньне коласаўскае: на ростанях. Сёньня найстарэйшая творчая арганізацыя краіны на судовых ростанях. Усе свае матывацыі я выказаў, аспрэчваючы ўсе закіды Міністэрства юстыцыі, паводле якіх нашае грамадзкае аб’яднаньне прапануецца ліквідаваць”.

Як падкрэсьліў у сваім выступе спадар Пашкевіч, чыноўнікі Мін’юсту намерваюцца забараніць арганізацыю, заснавальнікамі якой сталі Янка Купала й Якуб Колас, сябрамі былі Ўладзімер Караткевіч і Васіль Быкаў, застаюцца яшчэ 600 празаікаў і паэтаў, вядомых далёка за межамі Беларусі. Многія зь іх былі ў залі суду, сярод іх Ніл Гілевіч, Валянцін Тарас, Анатоль Вярцінскі, Генадзь Бураўкін й многія іншыя.

Вось як пракамэнтаваў судовы працэс пісьменьнік Уладзімер Арлоў:

(Арлоў: ) “Спадзяюся, што да ліквідацыі саміх пісьменьнікаў справа пакуль што ня дойдзе. А таму беларуская літаратура будзе жыць”.

Да абраньня цяперашняга кіраўніка пісьменьніцкай арганізацыі Саюз беларускіх пісьменьнікаў некалькі гадоў узначальвала Вольга Іпатава. Яна кажа, што ўлада й раней пільна сачыла за дзейнасьцю творчай суполкі, але з гэткім жорсткім наступам пісьменьнікі сутыкаюцца ўпершыню.

(Іпатава: ) “Такога, каб за двукосьсе, за не даказаныя нічым і нікім вінавачаньні спрабавалі зьліквідаваць Саюз пісьменьнікаў, такога, канечне, яшчэ не было. Я разумею, што цярпеньне ўлады перапоўнілася, справіцца з гэтым Саюзам пісьменьнікаў яны ня могуць. І трэба даць месца іншаму саюзу, створанаму з рознымі шматлікімі парушэньнямі. Як жа зарэгістравалі той саюз? На гэта нічога не было сказана”.

Судовае паседжаньне ў справе ліквідацыі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў прадоўжыцца 5 траўня.

Нагадаем, 2 сакавіка Гаспадарчы суд Менску задаволіў пазоў Галоўнага гаспадарчага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта аб высяленьні кіраўніцтва Саюзу з Дому літаратара, а таксама сплаце 55 мільёнаў рублёў за арэнду. Раней, у 1997 годзе, Дом літаратара стаў уласнасьцю прэзыдэнцкай адміністрацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG