Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эўразьвяз настойвае на вызваленьні лідэраў апазыцыі


Радыё Свабода Жонкі беларускіх палітзьняволеных заклікалі Эўрапейскі Зьвяз усяляк спрыяць вызваленьню палітычных вязьняў у Беларусі, а таксама ўнесьці беларускую тэму на парадак дня саміту вялікай васьмёркі G-8 сёлета ў Пецярбургу. Учора Іна Кулей і Ірына Казуліна, а таксама прадстаўнік моладзевай арганізацыі "Зубр" Аляксандар Атрошчанка былі прынятая ў Брусэлі адказнымі эўрапейскімі чыноўнікамі. Пра гэтую сустрэчу паведамляе сёньня брусэльскае выданьне "EUobserver".

“Мы робім усе намаганьні, каб вызваліць беларускіх палітвязьняў”, – зазначыў у часе ўчорашняй сустрэчы адказны чыноўнік Эўразьвязу Хуга Мінгарэлі, які зьяўляецца дырэктарам Агульнага ўпраўленьня па міжнародных дачыненьнях Эўразьвязу.

Паводле словаў брусэльскіх палітыкаў, вызваленьне палітзьняволенных у Беларусі, таксама як спыненьне перасьледу незалежных СМІ, няўрадавых арганізацыяў ды апазыцыі ёсьць галоўным патрабаваньнем Эўразьвязу, і ад гэтага будзе залежаць, якія далейшыя захады будуць прынятыя ў дачыненьні да афіцыйнага Менску.

Аднак на сёньня адзіным карным інструмэнтам супраць рэжыму Лукашэнкі застаюцца візавыя санкцыі супраць некаторых адказных беларускіх чыноўнікаў, адзначае "EUobserver".

Краіны-сябры Эўразьвязу і ЗША таксама рыхтуюцца да замарожваньня замежных актываў і рахункаў беларускага кіраўніцтва. Прыняцьце падобнага рашэньня прымеркаванае на 15 траўня, піша "EUobserver", аднак пры гэтым дадае, што галоўныя банкаўскія цэнтры ня надта схільныя да падобных дзеяньняў.

Іна Кулей, жонка арыштаванага лідэра аб’яднанай беларускай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча, у часе сустрэчы заклікала брусэльскіх чыноўнікаў уключыць беларускае пытаньне ў парадак дня саміту вялікай васьмёркі ў Санкт-Пецярбургу.

Паводле Хуга Мінгарэлі, беларускае пытаньне знаходзіцца на парадку дня многіх самітаў, аднак пакуль гэта ня дае надта вялікага эфэкту, асабліва што датычыць расейскага боку.

У беларускім пытаньні Расея – гэта "500-кіляграмовая гарыла ў адным пакоі зь Беларусьсю", адзначыў прадстаўнік Генэральнага сакратарыяту Рады Эўразьвязу Пірка Тапіёла.

Як заявілі ў часе сустрэчы брусэльскія палітыкі, Эўразьвяз шукае самыя розныя шляхі гнуткага супрацоўніцтва зь беларускімі няўрадавымі арганізацыямі і сябрамі апазыцыі. Вялікія надзеі ўскладаюцца на прыезд у Менск часовага паверанага Эўракамісіі. У часе сустрэчы была выказаная крытыка на адрас мінулага стаўленьня кіраўніцтва Эўразьвязу што да Беларусі.

“Усяго два гады таму сустрэча, падобнай да гэтай, таксама наўрад ці была магчымай”, адзначылі брусэльскія чыноўнікі.
XS
SM
MD
LG