Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: грамадзтва патрабуе вызваліць лідэраў апазыцыі


Радыё Свабода Дэмакратычная грамадзкасьць роднага гораду Аляксандра Мілінкевіча пачала зьбіраць подпісы з патрабаваньнем вызваліць з турмы лідэра аб’яднаных дэмакратычных сілаў, а таксама іншых дзеячаў — Сяргея Калякіна, Аляксандра Бухвостава, Вінцука Вячорку, Аляксандра Казуліна.

У падрыхтаваным з гэтай нагоды дакумэнце гаворыцца, што лідэры грамадзкіх і партыйных арганізацыяў Горадні, іншыя гараджане заклікаюць улады вызваліць усіх палітзьняволеных.

Аднымі зь першых паставілі свае подпісы, патрабуючы вызваліць палітвязьняў, удзельнік дэмакратычнага аб’яднаньня вэтэранаў Вікенці Жук, старшыня абласной арганізацыі ТБМ Аляксандар Місьцюкевіч, прафэсар Гарадзенскага ўнівэрсытэту Іван Лепешаў, заснавальнік Саюзу палякаў Тадэвуш Гавін.

Спадару Гавіну ў першай палове 1990-х гадоў давялося часта зьвяртацца па дапамогу да Аляксандра Мілінкевіча, які працаваў намесьнікам старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму. Менавіта тады ў горадзе былі пабудаваныя сядзіба Саюзу палякаў і школа з польскай мовай навучаньня. Тадэвуш Гавін так ацэньвае арышт Аляксандра Мілінкевіча:

(Гавін: ) “Я лічу, што арышт Мілінкевіча — гэта выклік міжнароднай супольнасьці. Гэта вялікая памылка, таму што Мілінкевіч — гэта вельмі ўраўнаважаны чалавек, інтэлігентны, ён ніколі не выступаў за сілавыя акцыі. Ён заўсёды падкрэсьліваў, што нашыя акцыі, якія мы праводзім, павінны быць мірнымі”.

Спадар Гавін зазначае: арышт Мілінкевіча сьведчыць пра тое, што рэжым не зважае на санкцыі з боку заходніх краінаў і ідзе зь імі на адкрыты канфлікт.

Інжынэр катэдры агульнай фізыкі Гарадзенскага ўнівэрсытэту Генрых Занеўскі спачатку быў студэнтам Аляксандра Мілінкевіча, потым працаваў зь ім на адным факультэце. Спадар Занеўскі гаворыць, што гэта быў любімы іхны выкладчык: Мілінкевіч мог зацікавіць ня толькі фізыкай, але таксама расказваў студэнтам пра гарадзенскую гісторыю. І яны вылучылі яго кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савету, гэта быў 1990 год. Генрых Занеўскі агітаваў тады за свайго выкладчыка і не расчараваўся ў ім пазьней — падчас прэзыдэнцкай кампаніі зьбіраў подпісы за Аляксандра Мілінкевіча. Спадар Занеўскі гаворыць, што цяперашні лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў па-ранейшаму мае аўтарытэт у былых калег-выкладчыкаў.

(Занеўскі: ) “Мілінкевіч валодае вялікай унутранай сілай. Ён спакойны і інтэлігентны чалавек, вельмі разумны таксама, таму патрапіць рабіць такія крокі, якія вядуць да выніку. Таму я думаю, што ў бліжэйшыя год-два мы будзем мець вынік”.
XS
SM
MD
LG