Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбылася вечарына памяці Міколы Ермаловіча


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня ў менскім касьцёле сьвятых Сымона і Алены — вечарына памяці слыннага беларускага гісторыка Міколы Ермаловіча. Заўтра, 29 красавіка, яму споўнілася б 85 гадоў.

Арганізатар імпрэзы — культурна-асьветны клюб “Спадчына”. Яго старшыня Анатоль Белы так патлумачыў гэтую ініцыятыву:

(Белы: ) “Мікола Ермаловіч быў ганаровым сябрам нашага клюбу. Клюб “Спадчына” першым даў Ермаловічу магчымасьць выступіць перад жыхарамі Менску й навуковымі работнікамі. Гэта было 2 красавіка 1986 году. Гэта была такая падзея ў жыцьці, гэта было прасьвятленьне. Сабралася больш як дзьвесьце чалавек. У клюбе не было яблыку дзе ўпасьці”.

Добра памятае тую сустрэчу зь Міколам Ермаловічам 20-гадовай даўніны паэт Яўген Гучок, які прысьвяціў той падзеі й гісторыку верш “Слова пра Міколу Ермаловіча”. У ім ёсьць такія радкі:

(Гучок: ) “Тут сёньня Мікола Іванавіч Аповед вядзе гістарычны, Гартае мінуўшчыну нанава, Дорыць настрой крынічны. А ён не прызнаны ў колах, у тых, Дзе быццам глыбіннай заняты работай. Яго там зацята ганьбяць услых, Яму там зайздросьцяць употай. А ён не належыць да тых удальцоў, Буяе ў каго пустацьвет у агародзе. Ён рэдка ўзыходзіць на круг выдаўцоў, Ён з душ юнакоў не выходзіць. Мікола Іванавіч — не кандыдат, Ня доктар, не акадэмік па званьні. Калі ж быць дакладным, калі ў акурат — Народны гісторык ён па прызваньні”.

У савецкую эпоху нататкі народнага гісторыка Ермаловіча, якія не маглі быць надрукаваныя, хадзілі па руках і чыталіся з большай цікавасьцю, чым працы тагачасных прызнаных уладамі навукоўцаў. Мінуў час — і сёньня гістарычныя дасьледаваньні Міколы Ермаловіча прызналі ў пэўнай ступені і навуковыя аўтарытэты. Гаворыць гісторык Алесь Петрашкевіч:

(Петрашкевіч: ) “На сёньняшні дзень ён у сэнсе канцэптуальнасьці ня тое што вялікі, а непараўнальна вялікі. Гэты чалавек адзін зрабіў больш за ўвесь Інстытут гісторыі Акадэміі навук. Ён знайшоў тое, на што іншыя ці не зважалі, ці лічылі гэта “ня так”. Ён даказаў тое, што мы ліцьвіны — ліцьвіны-“беларусцы”, як нас называлі маскоўцы. Мікола Ермаловіч знайшоў нашу дзяржаву, ачысьціў яе ад наноснага”.
XS
SM
MD
LG