Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэнгенскія візы падаражэюць для беларусаў?


Радыё Свабода З 1 студзеня 2007 году Эўрапейскі Зьвяз пераходзіць на новы від візаў — з носьбітам біямэтрычнай інфармацыі. Кошт шэнгенскіх візаў узрасьце, магчыма, зь цяперашніх 35 да 60 эўра. Даражэйшыя біямэтрычныя візы будуць аплачваць турысты. Ці робіць афіцыйны Менск нейкія захады, каб Эўразьвяз не падвышаў так істотна кошты для беларусаў?

Яшчэ ў лютым міністры ўнутраных справаў і юстыцыі краінаў Эўразьвязу абмеркавалі ў Брусэлі магчымасьці падвышэньня ўязных турыстычных візаў для нерэзыдэнтаў Эўразьвязу. Днямі прадстаўніца Аўстрыі, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, і афіцыйная прадстаўніца Эўракамісіі Эма Адвін пацьвердзілі, што шэнгенскія візы з 2007 году падаражэюць.

Як на гэта адрэагаваў афіцыйны Менск? Начальнік упраўленьня інфармацыі Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Папоў выказаў такое меркаваньне:

(Папоў: ) “Мы зыходзім з таго, што для нас лепей, калі максымальна спрошчаны, канечне ж, рэжым, максымальна мы можам паспрыяць кантактам паміж людзьмі, гуманітарным сувязям з абодвух бакоў. Вось што для нас галоўнае. Калі атрымаецца наадварот з ініцыятывы нашых эўрапейскіх партнэраў, то што ж, будзем разглядаць тое, на якое рашэньне яны ў выніку выйдуць. Пабачым. Але ж наша філязофія такая: мы прытрымліваемся неабходнасьці, канечне ж, узмацненьня кантактаў паміж людзьмі, каб людзям было прасьцей”.

Камісар Эўразьвязу ў пытаньнях юстыцыі Франка Фратыні не выключае, што для некаторых катэгорыяў могуць быць ільготы — да прыкладу, для навукоўцаў, студэнтаў. Але Эўразьвяз будзе настойваць на тым, каб краіны-ўдзельніцы не рабілі ніякіх палёгак на двухбаковай аснове. “Павінна быць імкненьне да адзінства эўрапейскай візавай палітыкі ў стаўленьні да краінаў, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз, а не нюансы двухбаковых пагадненьняў асобных дзяржаваў”, — сказаў камісар Эўразьвязу.

Замежнапалітычныя ведамствы Ўкраіны і Расеі, прынамсі, спрабуюць весьці перамовы з Эўразьвязам. Ці робіць нейкія намаганьні беларускае МЗС? Гаворыць начальнік упраўленьня інфармацыі Андрэй Папоў:

(Папоў: ) “Гэта надта глыбокае, цяжкое пытаньне. Каб была ўзаемная зацікаўленасьць... Калі б нашы эўрапейскія партнэры былі зацікаўленыя вырашыць гэта пытаньне ўзаемавыгадным шляхам, яны павінны на нейкім этапе да нас зьвярнуцца. Бо ня мы ініцыятары гэтага кроку, я яшчэ раз хачу падкрэсьліць”.

Супраць падвышэньня коштаў шэнгенскіх візаў выступіў шэраг краінаў Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы, у прыватнасьці, Польшча, Вугоршчына, якія ў 2007 годзе таксама павінны далучыцца да Шэнгенскага пагадненьня, і якія ня хочуць ствараць дадатковых нязручнасьцяў для сваіх суседзяў.

Згодна з папярэдняй дамоўленасьцю, шэнгенская віза падаражээ адразу на 71% — з 35 да 60 эўра.

Цяпер у Шэнгенскае пагадненьне ўваходзяць пятнаццаць эўрапейскіх краінаў: Аўстрыя, Бэльгія, Нямеччына, Гішпанія, Францыя, Італія, Люксэмбург, Нарвэгія, Партугалія, Швэцыя, Данія, Грэцыя, Ісьляндыя, Нідэрлянды, Фінляндыя. З кастрычніка 2007 году да Шэнгенскага пагадненьня павінны далучыцца яшчэ дзесяць краінаў, якія ўступілі ў эўрапейскую супольнасьць у 2004 годзе. Сярод іх і суседзі Беларусі — Польшча, Літва, Латвія.
XS
SM
MD
LG