Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Менск дастаўлены гуманітарны груз з ЗША на 5 мільёнаў даляраў (фота)


Ігар Карней, Менск Раніцай 28 красавіка на лётнішчы Менск-2 прызямліўся самалёт з мэдыкамэнтамі для пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы жыхароў Беларусі. Груз коштам 5 мільёнаў даляраў сабралі амэрыканскія дабрачынныя арганізацыі, а дастаўку лекаў фінансаваў Дзярждэпартамэнт ЗША.

Збор лекаў для беларускіх шпіталёў ініцыявалі амэрыканскія няўрадавыя арганізацыі “Citi Hope International” і “Heart to Heart International”. Беларускі партнэр дабрачынных структураў — грамадзкая арганізацыя “Надзея Экспрэс”, кіраўнік якой Міхаіл Собаль падзякаваў амэрыканцам:

(Собаль: ) “Гэта плён шматмесячных высілкаў дзейнасьці амэрыканскіх арганізацыяў і прыватных асобаў. За гэтым самалётам стаіць нялёгкая праца маіх калегаў зь дзьвюх амэрыканскіх грамадзкіх арганізацыяў. За гэтым самалётам гэтаксама вельмі сур’ёзная падтрымка з боку Дзярждэпартамэнту ЗША. За гэтым самалётам — вялізная спонсарская дапамога Амэрыканскай фармацэўтычнай кампаніі й ейных аддзяленьняў у Эўропе”.

Фінансаваў дастаўку грузу самалётам у Менск Дзярждэпартамэнт ЗША. У Менск дзеля гэтага адмыслова прыляцеў прадстаўнік офісу Амэрыканскай дапамогі краінам Эўропы і Эўразіі Том Адамс.

(Адамс: ) “Безумоўна, што Чарнобыль — найгоршая зь ядзерных аварыяў, якая калі-небудзь адбывалася ў сьвеце. Я ў той час жыў у Вугоршчыне і памятаю, як непакоіліся ўсе, каго я там ведаў, уключна і з маёй сям’ёй. Канечне, там гэтае ўзьдзеяньне было непрацяглае, усё хутка завершылася, а вось Беларусь апошнія дваццаць гадоў па-ранейшаму знаходзіцца пад вельмі моцным узьдзеяньнем. За гэтыя гады амэрыканцы прыклалі шмат намаганьняў, каб дапамагчы беларусам пераадолець наступствы гэтай катастрофы, таму што мы вельмі добра разумеем, наколькі моцна беларусы пацярпелі пры гэтым. І сёньня вы назіраеце адну з праяваў гэтай нашай цікавасьці”.

Сярод дасланых лекаў каштоўныя анкалягічныя і кардыялягічныя мэдыкамэнты, антыбіётыкі. Усе прэпараты будуць перададзеныя ў спэцыялізаваныя дыспансэры і профільныя шпіталі па ўсёй Беларусі. Мяркуецца, што больш за 12 тысяч пацыентаў змогуць атрымаць дэфіцытныя лекі, бальшыня зь якіх вырабляецца толькі амэрыканскімі фармацэўтычнымі кампаніямі.

Вялізную арганізацыйную працу дзеля дастаўкі гуманітарнага грузу ў Менск зрабіў амбасадар ЗША ў Беларусі Джордж Крол.

(Крол: ) “Сябры, калегі зь Дзярждэпартамэнту, зь недзяржаўных амэрыканскіх арганізацыяў! Дазвольце мне сказаць некалькі словаў, але ўжо не на мілагучнай беларускай мове, а, можа быць, немілагучнай ангельскай… Цяпер мы адзначаем 20-годзьдзе жудаснай чарнобыльскай трагедыі. Мы ўсе разумеем, што гэта не нацыянальная трагедыя, гэта агульначалавечая трагедыя. Але мы таксама разумеем, што больш за ўсё ад гэтай трагедыі пацярпелі менавіта людзі Беларусі”.

Падчас перадачы грузу беларускаму боку ў аэрапорце Менск-2 прысутнічалі першы намесьнік міністра аховы здароўя Беларусі Віктар Калбанаў і намесьнік міністра замежных справаў Сяргей Сяргееў.

Фотарэпартаж







XS
SM
MD
LG