Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Варшава: Беларускі гісторык В.Голубеў атрымаў прэмію Льва Сапегі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Варшаве вядомы беларускі гісторык і палітык Вялянцін Голубеў стаў першым ляўрэатам прэстыжнай ўзнагароды імя Льва Сапегі – у адмысловых лістах спадара Голубева павіншавалі прэзыдэнт Польшчы і старшыня польскага Сэйму.

Урачыстае ўручэньне ўзнагароды адбылося ў залі Сэнату Варшаўскага ўнівэрсытэту.

Узнагарода імя Льва Сапегі, заснаваная летась Калегіюмам Усходняй Эўропы і Варшаўскім унівэрсытэтам мае на мэце “уганараваць выбітныя заслугі ў разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, пабудове незалежнай, дэмакратычнай Беларусі, скіраванай у Эўропу”.

У склад журы, якое вызначае ляўрэатаў, ўваходзяць, сярод іншых, рэктары пяці польскіх унівэрсытэтаў і міністар культуры Польшчы, а патранат над узнагародай ажыцьцяўляе прэзыдэнт Польшчы.

Прамаўляючы ў часе цырымоніі, міністар культуры Казімеж Уяздоўскі адзначыў, што празь некалькі гадоў “формула ўзнагароды” зьменіцца, бо Беларусь будзе вольнай.

(Уяздоўскі: ) “Я б хацеў, каб наш ляўрэат і іншыя беларусы, якія падзяляюць падставовыя ідэі нашай цывілізацыі, ведалі, што гэтая ўзнагарода, гэта знак нашай глыбокай павагі да інтэлектуальных, навуковых высілкаў незалежнай беларускай інтэлігенцыі”.

Быў зачытаны таксама прывітальны ліст ад прэзыдэнта Польшчы Леха Качынськага і маршалка Сэйму Марка Юрка.

Між тым сам ляўрэат Валянцін Голубеў, зьвяртаючыся да прысутных па-польску, шчыра дзякаваў за ўзнагароду.

(Голубеў: ) “Гэта вялікі гонар ня толькі для мяне асабіста, але для ўсёй акадэмічнай навукі, а нават больш – для ўсёй свабоднай і дэмакратычнай Беларусі”.

Узнагарода палягае ў тым, што ляўрэат зможа цягам амаль году за кошт фундатараў падарожнічаць па польскіх унівэрсытэтах, займацца навуковай працай, чытаць лекцыі па гісторыі Беларусі – паводле журы гэта вяртаньне да традыцыяў выкладчыкаў эўрапейскіх унівэрсытэтаў, якія заўсёды падарожнічалі, каб абменьвацца ведамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG