Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Акцыя 1 траўня мірная, і адбудзецца пры любых абставінах"


Радыё Свабода Cёньня на паседжаньні палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў абмяркоўвалася падрыхтоўка да акцыі 1 траўня. Арганізатары мяркуюць агучыць на ёй патрабаваньні да ўладаў — вызваліць палітычных вязьняў і адмяніць кантрактную сыстэму.

Заяўнікі першатравеньскай акцыі Сяргей Калякін і Аляксандар Бухвостаў знаходзяцца пад арыштам у турме на Акрэсьціна, таму рашэньнем аб’яднаных дэмакратычных сілаў ролю арганізатара ўзяў на сябе сакратар Партыі камуністаў беларускай Валер Ухналёў.

Сёньня ў менскай міліцыі яму паведамілі, што яшчэ 25 красавіка Менгарвыканкам вырашыў забараніць дэманстрацыю 1 траўня, тады як 24 красавіка яна была дазволеная.

Міліцыя аргумэнтавала сваё рашэньне тым, што нельга зьбіраць людзей бліжэй за 200 мэтраў ад мэтро і пешаходных пераходаў.

Складанасьць у тым, што папярэдне распаўсюджвалася інфармацыя пра месца збору на пляцоўцы ля Акадэміі навук, гаворыць Валер Ухналёў.

(Ухналёў: ) “Многія людзі прыйдуць на пляцоўку перад Акадэміяй навук, і мы арганізавана пройдзем да плошчы Бангалор, дзе нам дазволена правядзеньне мітынгу. Акцыя 1 траўня мірная, і адбудзецца пры любых абставінах”.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька распавёў “Свабодзе”, што найперш на акцыі будуць выстаўленыя патрабаваньні да ўладаў — вызваліць усіх палітычных вязьняў.

(Лябедзька: ) “Мой пункт гледжаньня: трэба рабіць акцэнт на тым, што вызваленьне палітычных вязьняў — гэта праблема нумар адзін і для грамадзянаў краіны, і для замежжа, якое робіць нейкія камунікацыі з афіцыйным Менскам. А па другой заяве супраць кантрактнай сыстэмы, то ўсе пагадзіліся аднагалосна”.

Што да магчымай колькасьці ўдзельнікаў акцыі, то Анатоль Лябедзька адзначыў:

(Лябедзька: ) “Мне падаецца, што ўсё ж тут будуць найбольш палітычна актыўныя людзі, якія выходзілі на папярэднія акцыі. Ня вельмі ўдалыя тэрміны правядзеньня. Гэта сьвяты, гэта мажлівасьць для значнай часткі грамадзянаў папрацаваць на зямлі. Але, тым ня менш, я думаю, што ўсё ж некалькі тысяч людзей у гэты дзень выйдуць на вуліцу і возьмуць удзел”.
XS
SM
MD
LG