Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандаліза Райс: ганебны арышт


Радыё Свабода Арышт і асуджэньне лідэраў беларускай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча, Вінцука Вячоркі, Сяргея Калякіна і Аляксандра Бухвостава выклікала рэзка нэгатыўную рэакцыю ў сьвеце.

Дзяржаўны сакратар ЗША Кандаліза Райс, знаходзячыся ў Сафіі, асудзіла “ганебны” арышт і асуджэньне Аляксандра Мілінкевіча. “Злучаныя Штаты рэзка асуджаюць гэты акт і шчыра спадзяюцца, што беларускі ўрад успрыме меркаваньне міжнароднай супольнасьці”, – зазначыла Кандаліза Райс. Яна заклікала беларускія ўлады ставіцца да палітычнай апазыцыі ў адпаведнасьці з міжнароднымі прынцыпамі.

Генэральны саратар НАТО Яп дэ Гоп Схефэр таксама заявіў, што арышт Мілінкевіча зьяўляецца “непрымальным”. “Я заклікаю рэжым у Менску неадкладна яго вызваліць. Эўраатлянтычная супольнасьць ня можа гэта ўспрыняць”, – заявіў генэральны сакратар НАТО.

Эўразьвяз, які нядаўна ухваліў візавыя санкцыі супраць А. Лукашэнкі і вышэйшых чыноўнікаў, выступіў з пагрозай новых захадаў супраць беларускага рэжыму. Прадстаўнік Эўракамісіі Эма Удвін жорстка асудзілі любыя арышты ў Беларусі паводле палітычных матываў.

Пра магчымасьць новых санкцыяў заявілі і ў Злучаных Штатах, прэсавы сакратар Дзярждэпартамэнта Адам Эрэлі зазначыў, што ЗША вывучаюць магчымасьці дадатковага ціску на вінаватых за гэтыя неправавыя дзеяньні ў Беларусі.

Міністар замежных справаў Канады Пітэр Мак-Кэй таксама залікаў беларускія ўлады неадкладна вызваліць Аляксандра Мілінкевіча: “Канада асуджае арышт і зьняволеньне спадара Мілінкевіча толькі за тое, што ён скарыстаўся дэмакратычным правам на мірную дэманстрацыю. Гэта чарговы прыклад таго, як беларускі рэжым забараняе свабоду і дэмакратыю ў краіне,”, – заявіў Пітэр Мак-Кэй ад свайго імя і ад імя прэм’ер-міністра Канады.

Міжнародныя інфармагенцтвы нагадваюць, што раней Атава адмовіла ў пасадцы на дазапраўку самалёта беларускага прэм’ера Сяргея Сідорскага і абмежавала афіцыйныя адносіны зь Менскам.

Міністар замежных справаў Бэльгіі Карэл дэ Гухт, які зьяўляецца дзейным старшынём АБСЭ, залікаў да неадкладнага вызваленьня Мілінкевіча і ягоных прыхільнікаў, выказаўшы “жорсткае асуджэньне” іхных арыштаў: “Падобная акцыя зьўляецца чарговай дэманстрацыяй непавагі Беларусьсю дэмакратычных каштоўнасьцяў, уключна са свабодай выказваньняў і сходаў. Апазыцыйныя лідэры павінны быць пазбаўленыя ад несправядлівых арыштаў і свавольства ўладаў”, – заявіў дзейны старшыня АБСЭ.

Патрабаваньне аб вызваленьні лідэраў беларускай апазыцыі, арыштаваных за ўдзел у дазволенай дэманстрацыі, прагучала таксама ў Бэрліне, міністар замежных справаў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер назваў дзеяньні беларускіх уладаў “спробай запалохаць і прымусіць замаўчаць беларускую апазыцыю, што аддаляе беларускія ўлады не толькі ад эўрапейскіх каштоўнасьцяў, але і ад уласных грамадзян”. Дзеяньні беларускіх уладаў таксама асудзілі ў Літве, Польшчы і іншых краінах сьвету.
XS
SM
MD
LG