Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што кажуць удзельнікі Чарнобыльскага шляху пра асьвятленьне акцыі на БТ


Радыё Свабода Людзі, якія сталі сьведкамі Чарнобыльскага шляху, адзначаюць, што Беларускае тэлебачаньне камэнтавала падзеі 26 красавіка ў Менску, зьневажаючы арганізатараў і ўдзельнікаў шэсьця, скажаючы праўдзівую інфармацыю.

(Карэспандэнтка: ) “Наколькі суадносяцца асабістыя адчуваньні пра Чарнобыльскі шлях з тым, што было паказана па беларускім тэлебачаньні й у іншых дзяржаўных мэдыях?”

(Спадарыня: ) “Хлусьня, такая хлусьня, што й слухаць няма чаго. Ганьбуюць людзей – толькі й усяго. Вельмі шмат было моладзі, усе былі такія ўзрушаныя. І такая нейкая надзея ў гэтым”.

(Спадар: ) “Моладзь была ўзрушаная, бо яна здолела прыйсьці на Чарнобыльскі шлях. Спачатку зьбіраліся на Кастрычніцкай плошчы, але туды нікога не пусьцілі. Я думаю, што ўлады адмыслова замоўчваюць тое, што адбываецца. А тое, што не на карысьць дэмакратыі, то яны прапагандуюць. А так я мала што й слухаю”.

(Юнак: ) “Дзяржаўнае тэлебачаньне я ўвогуле не гляджу. Калі б у мяне былі толькі ОНТ ці БТ, то я ўвогуле не ўключаў бы тэлебачаньня, бо я не жадаю глядзець і слухаць хлусьню якая льецца з экрана”.

(Спадар: ) “Я удзельнічаў у шэсьці да Акадэміі навук. Было непрыемна, калі гэтыя МАЗы закратаваныя жудасныя ішлі. Але моладзь не баялася, было шмат моладзі, што добра. Ну, а дзяржаўнае тэлебачаньне ні слова праўды ня кажа пра тое, што адбываецца, там праўды няма. Калі там нейкія п’яныя, дык яны іх самі прывозяць, паказваюць і самі звозяць. Бо насамрэч такога быць ня можа, бо там дысцыпліна стоадсоткавыя”.

(Спадар: ) “З задавальненьнем гляджу беларускае тэлебачаньне, бо яно мне нагадвае савецкі саюз сталінскага пэрыяду. Гэта адзін да аднаго, больш мне няма чаго сказаць”.

(Карэспандэнтка: ) “Наколькі суадносяцца асабістыя адчуваньні пра Чарнобыльскі шлях з тым, што было паказана па беларускім тэлебачаньні ці адлюстравана ў іншых дзяржаўных мэдыях?”

(Спадарыня: ) “Гэта ж абсалютна адыёзны погляд. Нават ня погляд, а звычайная хлусьня”.

(Спадар: ) “Прынцыпова не гляджу беларускае тэлебачаньне. Але мне казалі, што там нібыта сотні чалавек былі. Я сам быў на шэсьці, і там былі тысячы людзей. І таму маё меркаваньне такое, што БТ адрабляе свае 30 срэбранікаў”.

(Спадарыня: ) “Я не глядзела тэлебачаньня, але мая супрацоўніца мне сказала, што як звычайна паказалі некалькі непрыгожых твараў, крыху людзей. Насамрэч мы былі, удзельнічалі, і людзей было ня менш, чым на 19 і 25 сакавіка. І нас па-ранейшаму ўражвае, што ідуць нашыя дзеці. Што гэтая моладзь размаўляе па-беларуску. Усё ж такі ў Беларусі ёсьць будучыня”.
XS
SM
MD
LG