Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы і твары плошчы: Зьміцер Лапцёнак


Радыё Свабода Радыё Cвабода працягвае распавядаць пра людзей, якія пацярпелі з-за ўдзелу ў акцыях пратэсту на Кастрычніцкай плошчы. Супрацоўнік прыватнай фірмы, праграміст і вядомы ў Беларусі эспэрантыст Зьміцер Лапцёнак быў затрыманы ў намётавым лягеры ў ноч на 24 сакавіка. За ўдзел у акцыі яму давялося адседзець у Жодзіне пятнаццаць сутак.

Зьміцер ніколі ня быў рэвалюцыянэрам. Жыў звычайным жыцьцём: працаваў, катаўся на ровары, хадзіў на канцэрты беларускіх рок-гуртоў, перакладаў на эспэранта клясыкаў беларускай літаратуры. Некалькі разоў хадзіў на “Чарнобыльскі шлях”, але, як сам кажа, “для масавасьці”. На Кастрычніцкай плошчы апынуўся сам ня ведаючы як.

(Лапцёнак: ) “Нейкага рацыянальнага тлумачэньня ня маю. Проста душа паклікала: трэба прыйсьці, трэба быць, каб на аднаго чалавека болей, дапамагчы людзям стаяць. Ну й паказаць, што я іх падтрымліваю, што гэта таксама мая думка, што гэты пратэст і мой пратэст”.

Зьміцер кажа, што адчуваньне страху ў шмат якіх удзельнікаў акцыі было толькі тады, калі ўласна зьліквідоўвалі намётавы лягер. Потым ужо ня страшна. І ўвогуле, галоўная выснова, якую ён для сябе зрабіў пасьля пятнаццацісутачнай адсідкі ў Жодзіне:

(Лапцёнак: ) “Я больш упэўніўся, што справа свабоды вартая, трэба й далей гэтак рухацца. І даведаўся пар тое, што турма – гэта ня страшна, гэта не балюча, таму ня трэба баяцца выходзіць на плошчу ці паказваць свае перакананьні. Ня трэба баяцца, што пасьля гэтага будзе турма. Гэта ня самае горшае, што можа здарыцца ў жыцьці чалавека”.

Жодзінская турма – ня самае камфортнае месца ў сьвеце, сьведчыць Зьміцер. У камэры, дзе ён сядзеў зь іншымі вязьнямі, гулялі моцныя скразьнякі. Калі на дварэ было холадна, то і людзі ў камэры мерзьлі. Калі надвор’е выдавалася сонечным, дык у камэры не было чым дыхаць – усе бяз вынятку прастудзіліся й захварэлі, хоць і ня надта сур’ёзна. Але на колькі дзён да іх пасадзілі хлопца-астматыка: судзьдзя ня ўзяў пад увагу тое, што чалавек з такой хваробай можа загінуць у любы момант, асабліва ў такіх умовах, і даў хлопцу максымальны тэрмін – 15 сутак…

Даша Каткоўская ў акцыі апазыцыі ня ўдзельнічала, але яна разам зь яшчэ некалькімі энтузіястамі дапамагала зьняволеным, якія трапілі на Акрэсьціна і ў Жодзіна. Са Зьмітром Лапцёнкам яна была раней крыху знаёмая па інтэрнэт-блогах. Калі зь ім здарылася бяда, прывезла ў Жодзіна перадачу. Кажа, што такія мужчыны, як Зьміцер, ёй проста падабаюцца. Як мужчыны:

(Даша: ) “Я вельмі люблю такіх сур’ёзных, сталых хлопцаў, якія ня вельмі шмат гавораць, але сапраўды ведаюць, чаго хочуць. Па іх адразу бачна, што ў іх вельмі глыбокі ўнутраны сьвет, цікавы для ўсіх”.

Прыяцелька Зьмітра Віка таксама спачувала акцыі на Кастрычніцкай плошчы – колькі разоў яе затрымлівалі за спробу пранесьці ў намётавы лягер цёплыя рэчы і прадукты, але на Акрэсьціна не забіралі. Калі Зьмітра выпусьцілі з Жодзінскага ізалятару – гэта адбылося ўначы – Віка прыехала па яго зь Менску й прывезла дадому.

(Віка: ) “Уласна кажучы, я ад Зьмітра не чакала такой сьмеласьці, такой адвагі, такой мужнасьці й такога напору нейкага, зусім неверагоднага, такога мужчынскага. І было мне вельмі прыемна, што сярод маіх знаёмых ёсьць такі чалавек. Уразіў мяне сьмеласьцю, заразіў мяне ёю, навучыў не баяцца, навучыў мяне глядзець у вочы небясьпецы. Цудоўны чалавек! Я ганаруся тым, што знаёмая зь ім”.

Зьміцер даўно займаецца эспэранта, перакладае на гэтую мову творы беларускіх пісьменьнікаў – Караткевіча, Арлова, Глобуса. Мае сяброў-эспэрантыстаў у самых розных краінах сьвету: празь пераклады Зьмітра Лапцёнка жыхары Нямеччыны і Кітаю, Бразыліі й Злучаных Штатах даведваюцца пра Беларусь і ейную культуру.

Калі ён напісаў на эспэранта свае нататкі пра Кастрычніцкую плошчу, ягоныя замежныя сябры былі ўзрушаныя.

(Лапцёнак: ) “Некаторыя людзі, якія больш цікавяцца гісторыяй ці палітыкай, яны папросту параўноўваюць з Чылі, з Аргентынай, зь іншымі дыктатарскімі рэжымамі й кажуць: шкада, канечне, што ў нашае такое прагрэсіўнае стагодзьдзе яшчэ застаюцца краіны, у якіх замест дыскусіі адбываецца гвалт”.
XS
SM
MD
LG