Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонкі Вячоркі, Калякіна, Лябедзькі – пра затрыманьні і арышты мужоў


Радыё Свабода, Менск Жонкі арыштаваных палітыкаў выказваюцца наконт сёньняшніх арыштаў. Усе кажуць, што былі маральна падрыхтаваныя да судовых пакараньняў, але ня могуць прызвычаіцца да арыштаў і рэпрэсіяў супраць сваіх мужоў.

Арына Вячорка тэлефанавала амаль ва ўсе аддзяленьні міліцыі, каб даведацца дзе трымаюць яе мужа. Лідэра Партыі БНФ затрымалі позна ўвечары, калі завяршыўся "Чарнобыльскі шлях", і людзі разыходзіліся пасьля акцыі. Раніцай Арына і маці Вінцука Вячоркі прыйшлі ў суд Савецкага раёну з харчовай перадачай і цёплымі рэчамі. Вінцук Вячорка ня першы раз адбывае арышт у турме на Акрэсьціна. Яго жонка лічыць, што да гэтага прызвычаіцца немагчыма.

(Арына Вячорка:) "Самае непрыемнае для нашай сям’і гэта бяссонныя ночы, хваляваньні за любімага блізкага чалавека. Гэтая нявызначанасьць – што будзе зь ім – яна навісла пасьля апошняга арышту. Яна адбіваецца на нас усіх… Гэта эмоцыі, стрэсы… Доўгае чаканьне, такое жаночае чаканьне. Для ўсёй сям’і непрыемна, калі знаёмыя задаюць пытаньні, калі дзеці турбуюцца. Гэта ж не камандзіроўка, не адпачынак.”

Тацяна Калякіна была сёньня на працы і не магла прысутнічаць на судзе над сваім мужам. Гэта першы арышт у жыцьці яе мужа, лідэра камуністаў Сяргея Калякіна. Тацяна ўпэўненая, што арышт не зламае яе мужа.

(Калякіна: ) “Да гэтага ўсё ішло, пачынаючы ад прэзыдэнцкіх выбараў. Я ведаю, што ён выступае за правую справу. Ён не зламаецца. Я лічу, што ён усё робіць правільна. Я заўсёды яго падтрымліваю на гэтым шляху. Ды й кампанія ў яго даволі цікавая. Думаю, што гэта будзе на карысьць усім нам, як урок, як паказчык стаўленьня ўлады да людзей, якія вартыя павагі, бо незалежна выказваюць ня толькі свае думкі, але й цэлай катэгорыі людзей.”

Арыштаваных апазыцыянэраў трымаюць у адной камэры ў турме на Акрэсьціна. Яны знаходзяцца ў старым будынку, дзе, паводле выказваньняў палітвязьняў, значна цяплей, чым ў пабудаваным побач.

Сьвятлана Лябедзька 26 красавіка ад 12-й раніцы ня ведала, дзе знаходзіцца яе муж. Пазьней знайшоўся аўтамабіль на штрафной стаянцы, але мабільны тэлефон Анатоля не адказваў. Да 23-й гадзіны ночы Сьвятлана разам з паплечнікамі Анатоля шукала мужа ў шпіталях, міліцыі, КДБ...

(Сьвятлана Лябедзька:) “Калі ён пазваніў у дзьверы і, калі я яго ўбачыла, тады я даведалася, што ўсё добра. Гэта было аб 11-й гадзіне ночы. Па сутнасьці нам ніхто ніякай інфармацыі не даваў – у міліцыі няма, машына на штрафстаянцы, у сьледчым ізалятары КДБ няма… Дзе ён быў, мы ня ведалі. Думкі былі розныя. Мне нават цяпер ня хочацца ўспамінаць тыя думкі, што ў мяне круціліся ў галаве. Нічога добрага я ў гэтай сытуацыі не чакала. У мяне кожны вечар, кожны дзень так сканчаецца. Дзякуй Богу, гэты дзень прайшоў, і прайшоў нармальна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG