Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Знойдзена магіла дзеда Максіма Багдановіча


Радыё Свабода, Менск У Чэрвені на старых могілках мясцовы краязнаўца Уладзімер Дарагуш знайшоў магілу дзеда Максіма Багдановіча Апанаса Мякоты. Прывёў яе ў парадак, прачытаў даты жыцьця і сьмерці і знайшоў недакладнасьці. Паміж сапраўднай датай сьмерці дзеда Багдановіча, пазначанай на магільным камяні, і той, што згадваецца ў літаратуры, розьніца – адзін год.

Гэтай зімой краязнаўца Ўладзімер Дарагуш страціў жонку, таму на Чэрвеньскіх могілках бывае часта. Быў і на Вялікдзень. Каля цэнтральнай алеі паміж двума агароджамі ўбачыў камень. Што ён на ім прачытаў, распавядае Ўладзімер Дарагуш.

(Дарагуш: ) "Прах раба божиего Афанасія Ивановича Мякото. Умер 1878 года, 12 января". Магіла ўрослая ў зямлю, на ёй шыпшына расьце. Літары я працёр мокрым пяском, яны вельмі выразныя. Пасыпаў жоўтым пяском магілу, вянок паклаў".

Уладзімер Дарагуш зьвярнуўся да літаратуры пра Максіма Багдановіча і знайшоў недакладнасьці. Да прыкладу, у кнізе "Дарогай Максіма Багдановіча" Алесь Бачыла піша: "У ноч на 24 студзеня 1879 года Апанас Мякота памірае, пакінуўшы сіротамі пецярых дзяцей". Вось як гэту недакладнасьць тлумачыць краязнаўца Уладзімер Дарагуш.

(Дарагуш: ) "Па-першае, дата "12 января". Зразумела, гэта юліянскі каляндар, а Бачыла перавёў у новы стыль. Ён аднаго ня ведаў, напэўна, што ў 19-м стагодзьдзі розьніца паміж старым і новым стылем была не 13 дзён, а 12. Гэта 24 студзеня. Год таксама няправільна пазначаны, разыходжаньне на цэлы год".

Алесь Бачыла сваю кнігу пісаў па ўспамінах Ганны Гразновай, малодшай пляменьніцы маці Багдановіча, яна магла і памыліцца. Спадар Дарагуш лічыць, што больш варты даверу надпіс на магільным камяні, чым памяць пляменьніцы.

У дасьледаваньні Зьмітра Яцкевіча "Радавод Максіма Багдановіча", якая выйшла ў 1999 годзе ў "Беларускім кнігазборы", паведамляецца, што "Апанас Мякота браў удзел у Крымскай вайне, быў узнагароджаны мэдалём, атрымаў пажыцьцёвае дваранства. У апошнія гады жыцьця працаваў наглядчыкам Ігуменскага гарадзкога шпіталю, заўчасна памёр у 1879 годзе ад сухотаў..." Таксама несупадзеньне на год, у параўнаньні з надпісам на камяні.

Уладзімер Дарагуш зьвярнуўся ў мясцовы райвыканкам і таварыства аховы помнікаў, каб магілу дзеда Максіма Багдановіча ўзялі на ўлік. Краязнаўца таксама патэлефанаваў у Музэй Максіма Багдановіча, і цяпер чакае навукоўцаў, каб тыя выправілі памылку.
XS
SM
MD
LG