Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэнэ ван дэр Ліндэн асудзіў арышт Мілінкевіча і іншых апазыцыйных лідэраў


Радыё Свабода Прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы асудзіў зьняволеньне апазыцыйных беларускіх палітыкаў і заклікаў да іх неадкладнага вызваленьня.

“Усяго два тыдні назад, – нагадвае Рэнэ ван дэр Ліндэн, – Парлямэнцкая асамблея заклікала ўлады Беларусі ўстрымацца ад далейшага застрашваньня, уціску і перасьледу ўдзельнікаў мірных пратэстаў і прыхільнікаў апазыцыі”.

Паводле прэзыдэнта ПАРЭ, арышты за ўдзел у акцыі, прымеркаванай да 20-х угодкаў чарнобыльскай катастрофы, сьведчаць пра “імкненьне беларускіх уладаў ня даць апанэнтам магчымасьці кантактаваць зь людзьмі”. Такія дзеяньні, на думку ван дэр Ліндэна, азначаюць поўнае ігнараваньне базавых правоў, абавязковых для кожнага дэмакратычнага грамадзтва, і скіраваныя яўна супраць грамадзянаў Беларусі, зацікаўленых у адкрытым абмеркаваньні пытаньняў грамадзкай важнасьці.

“Той факт, што, напрыклад, спадар Мілінкевіч быў прыцягнуты да адказнасьці, прызнаны вінаватым і асуджаны на працягу некалькіх гадзін пасьля затрыманьня, дае падставы для заклапочанасьці, засьведчваючы ўмяшаньне беларускіх уладаў у дзейнасьць судовай сыстэмы”, – лічыць Рэнэ ван дэр Ліндэн. “Я заклікаю беларускія ўлады неадкладна вызваліць усіх затрыманых або арыштаваных сёньня, а таксама паважаць права грамадзянаў Беларусі на мірныя дэманстрацыі”, – гаворыцца ў заяве прэзыдэнта Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG