Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Літвы асудзіла арышты Мілінкевіча, Казуліна і іншых палітыкаў


Тацяна Поклад, Вільня Міністэрства замежных справаў Літвы асудзіла дзеяньні ўлады Беларусі, накіраваныя супраць лідэраў дэмакратычных сілаў краіны і выказала спадзеў, што ўлады Беларусі як найхутчэй вызваляць усіх палітычных вязьняў і неадкладна спыняць брутальныя дзеяньні сілавых структураў Беларусі супраць прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў.

Пра гэта гаварыцца ў адмысловым прэс-рэлізе літоўскага МЗС, у якім асуджаецца затрыманьне, зьбіцьцё і пагрозы, ужытыя супраць лідэра АГП Аляксандра Лябедзькі, арышты былога кандыдата ад аб''яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча, прадстаўнікоў яго выбарчага штабу – кіраўніка БНФ Вінцука Вячоркі, лідэра беларускай партыі камуністаў Сяргея Калякіна, а таксама аднаго зь лідэраў прафсаюзаў Аляксандра Бухвостава.

Гэтыя ды іншыя дзеяньні беларускіх уладаў у часе санкцыянаванай акцыі “Чарнобыльскі шлях” – “відавочнае парушэньне правоў чалавека і грамадзянаў”.

МЗС Літвы таксама заяўляе, што “забарона выдаць візы дэпутатам парлямэнту Літвы, якія накіроўваліся ў Беларусь, каб ушанаваць памяць ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы – непрымальнае рашэньне, якое не апраўдваецца ніякімі аргумэнтамі.”

Усе гэтыя дзеяньні ўлады ў Беларусі, паводле заявы МЗС Літвы, зьяўляюцца “парушэньнем усіх нормаў цывілізаванай дзяржавы”.

У заяве літоўскага міністэрства замежных справаў гаворыцца: “Спадзяемся, што афіцыйны Менск як найхутчэй вырашыць вызваліць затрыманых палітычных вязьняў, у ліку якіх і былы кандыдат у прэзыдэнты Аляксандр Казулін, і спыніць брутальныя дзеяньні сілавых структураў Беларусі супраць прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў.”
XS
SM
MD
LG