Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сойм Літвы асудзіў арышт Мілінкевіча, прыняў адпаведную рэзалюцыю


Тацяна Поклад, Вільня Сёньня літоўскі парлямэнт бальшынёй галасоў прыняў рэзалюцыю “Адносна ўзмацненьня палітычных рэпрэсіяў у Беларусі”. Сойм Літвы заклікаў урад Літвы выказаць рэзкі пратэст супраць арыштаў і ўжываньня грубай сілы ў дачыненьні да лідэраў палітычнай апазыцыі і заклікаў літоўскі ўрад прыкласьці ўсе намаганьні дзеля іх вызваленьня.

Сойм Літвы, “з увагі на тое, што сёньня рэжым Беларусі затрымаў лідэра апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча, старшыню Партыі БНФ Вінцука Вячорку, лідэра Беларускай партыі камуністаў Сяргея Калякіна, аднаго зь лідэраў незалежных прафсаюзаў Аляксандра Бухвостава і што быў жорстка зьбіты старшыня АГП Аляксандр Лябедзька, гэтай рэзалюцыяй Сойм Літвы заяўляе пра сваю глыбокую заклапочанасьць цяперашняй сытуацыяй у Беларусі”.

У рэзалюцыі гаворыцца: “Сойм заклікае ўрад Літвы, асабліва Міністэрства замежных справаў, выказаць рэзкі пратэст і прыкласьці ўсе намаганьні, каб арыштаваныя былі вызваленыя”.

Сёньняшняй рэзалюцыяй Сойм заклікаў урад Літоўскай Рэспублікі разгледзіць гэтыя факты палітычных рэпрэсіяў улады Беларусі і імкнуцца, каб гэта належным чынам было ацэненае структурамі Эўразьвязу.

Рэзалюцыя была прынятая амаль аднагалосна (супраць быў толькі адзін дэпутат і двое ўстрымаліся) пасьля паведамленьня аб арыштах у Беларусі Эмануэліса Зінгерыса, які ў літоўскім парлямэнце кіруе падкамітэтам у справе палітыкі суседзтва.

Спадар Зінгерыс паведаміў парлямэнту, што “пытаньне злачынстваў рэжыму ў Беларусі будзе ўзьнятае і абмеркаванае на высокім узроўні разам зь міжнароднымі прадстаўнікамі на Віленскай канфэрэнцыі "Агульнае бачаньне дзеля агульнага суседзтва"”, якая адбудзецца на пачатку траўня.
XS
SM
MD
LG