Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Успаміны пра 26 красавіка 1986 году: “Калі адбыўся выбух, я атрымаў 500 рэнтген, а 100 рентген — гэта сьмяротная доза”


Ягор Маёрчык, Магілёўшчына— Гомельшчына Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія” (эфір 26 красавіка).

Заступаючы на зьмену 25 красавіка, пажарнік Іван Шаўрэй нават ня мог уявіць, што гэтае дзяжурства стане апошнім на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. 26-га ў 1 гадзіну 23 хвіліны ночы выбухае 4-ты энэргаблёк. Спадар Шаўрэй быў адным з шасьці соцень чалавек, якія адразу пачалі гасіць пажар.

Праз дваццаць гадоў, у 2006-м, Іван Шаўрэй жыве ў мястэчку Нароўля Гомельскай вобласьці. Ён пэнсіянэр, займаецца прысядзібнай гаспадаркай.

(Шаўрэй: ) “Калі адбыўся выбух, я знаходзіўся ад рэактару за 150 мэтраў. Празь пяць хвілінаў я ўжо быў на 4-м энэргаблёку. Бэтонныя пліты, што важаць некалькі тонаў, былі раскіданыя, нібы семкі, на дзьвесьце мэтраў навокал. Полымя шугала пад сотню мэтраў [насамрэч слуп полымя сягаў на паўтара кілямэтра. — Я.М.]. Мы тушылі дах. Наша група з дваццаці васьмі чалавек пратрымалася каля гадзіны”.

(Карэспандэнт: ) “Якія былі фізычныя адчуваньні?”

(Шаўрэй: ) “Спачатку я адчуў у роце салодкі смак. У галаве былі абы-якія думкі. Пасьля закружылася галава, і я згубіў памяць. Там была шалёная тэмпэратура. Мы паскідвалі рэчы, у вопратцы немагчыма было працаваць. У нас ад тэмпэратуры маска на твары згарэла б. Нас адтуль зьнялі, і я ачуняў у паліклініцы. На наступны дзень нас выправілі ў Маскву. Прыйшлося лекавацца цэлы год”.

(Карэспандэнт: ) “Што з вамі было? Якія зьмены ў арганізьме?”

(Шаўрэй: ) “Я атрымаў 500 рэнтген. 100 рэнтген — гэта сьмяротная доза. У мяне промневая хвароба 2-й ступені. А тыя хлопцы, якія памерлі, атрымалі паўтары тысячы рэнтген. На адзінаццаты дзень у мяне выпалі валасы. На васямнаццаты дзень я цалкам згубіў памяць. Два тыдні знаходзіўся ў такім стрэсавым стане. Мы былі ізаляваныя адно ад аднаго, бо ўсе атрымалі сьмяротную дозу. Мы выжывалі толькі коштам нашага арганізму і дзякуючы Богу”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі цяпер жывых з вашай групы?”

(Шаўрэй: ) “Дванаццаць чалавек”.

Людзей пачынаюць вывозіць толькі праз 36 гадзінаў пасьля аварыі. За дзесяць дзён у радыюсе 30 кілямэтраў вакол станцыі эвакуявалі 130 тысяч чалавек. Пазьней яшчэ 100 тысяч насельнікаў з прылеглых тэрыторыяў выехалі самі.



Да слова, цяпер на беларускай частцы зоны адсяленьня жыве прыкладна трыста чалавек — гэтага людзі сталага веку, якія вярнуліся ў свае хаты.

Валянціну Антаненку з роднай вёскі Радамля Нараўлянскага раёну вывезьлі ў Жлобін. Пасьля яна вярнулася на малую радзіму. Цяпер жыве ў вёсцы Грушаўка, за дзесяць кілямэтраў ад Радамлі.

(Антаненка: ) “Нас самых апошніх з хаты выганялі. Мы нікуды не хацелі ехаць, хацелі застацца ў сваёй хаце. У нас была цялушка, яна ў гародзе пасьвілася. А міліцыя даклала, што нашая вёска ўжо вывезеная. Паехалі праверыць і пабачылі нашую карову. Зайшлі да нас у хату й сілай выгналі адтуль. Завезьлі нас ажно ў Жлобін. Там не было кватэраў. Нас падсялілі да аднаго дзядзькі. Ён быў калекам, сем гадоў, як у яго жонка памерла. Пойдзем на працу, вяртаемся... А ён п’яны наш абед зьеў. І так мы пакутавалі тры месяцы. Нас выселілі з хаты, далі малую кампэнсацыю і кватэры ня выдзелілі”.

Празь нейкі час зьяўляецца 50-кілямэтровая зоня. Тут таксама падвышаны ровень радыяцыі, але жыць людзям дазваляюць. Іх абяцаюць эвакуяваць пазьней. Гэтае “пазьней” расьцягваецца на гады.

Вёску Сабалі, што на Брагіншчыне, меліся адсяляць некалькі разоў. Як вынік, пара дзясяткаў чалавек жыве тут і цяпер. Сёньня Сабалі лічацца чыстай зонай.

У 1986-м Любоў Шалец працавала ў калгасе. Пасьля аварыі ейны муж Пятро працаваў у спэцыяльным атрадзе дэзакатывацыі зямлі. Праз дваццаць гадоў яны абодва пэнсіянэры. Нікуды ня зьехалі, жывуць ва ўласнай хаце.

(Шалец: ) “Адразу мы сеялі агарод. А пасьля пра аварыю ўжо сказалі, маладых зь дзеткамі тут жа выселілі. Мы з вуліцы зямлю саскрабалі й грузілі на машыны. Прыяжджалі машыны й мылі нашыя хаты нейкім парашком. Карацей, тую радыяцыю мы прагналі. Прыехала зь Менску мая ўнучка: “Бабуля, казалі, тут радыяцыя. Я пайшла на гарод, нідзе яе не знайшла”.

У 1986-м Пятро Раманюк працаваў кіроўцам у калгасе “Сабалі”, што ў Брагінскім раёне Гомельшчыны. Цяпер ён жыве непадалёк ад райцэнтру ў вёсцы Красная гара. Яны з жонкай адзіныя жыхары паселішча.

(Раманюк: ) “Усё гэта выбухнула 26-га. Я тады працаваў шофэрам. Быў выходны дзень... Ну, думаю, хоць адпачну. Прыяжджае дахаты старшыня і загадвае, каб ехаў у Крукі па быдла. Гэтыя Крукі пад самым Чарнобылем знаходзяцца, там нават рэактар відаць. Прыйшлося ехаць. Але тут на скрыжаваньні немагчыма было ўлезьці ў калёну. Машыны бясконца ехалі. Неяк уклініўся ў тую калёну. Быдла за два рэйсы перавезьлі. Вось так працоўны дзень і прайшоў”.



(Карэспандэнт: ) “А калі даведаліся пра выбух, што тады тут адбывалася?”

(Раманюк: ) “У першы дзень, калі выбухнула, па вёсцы праехала нейкая машына. Казалі: “У каго ёсьць дзеці, хавайце іх у склепы”. Пасьля яшчэ доўга шукалі таго чалавека, які пра гэта папярэджваў. Дзесяць дзён маўчалі. Людзей таксама падманвалі. Ім казалі: “Усё тут пакідайце, бярыце харчоў на тры дні, хутка вернецеся”. Людзі ўсё пакідалі, алё назад болей не вярнуліся”.

Пасьля выбуху на ЧАЭС, перш як высяляць людзей, з калектыўных гаспадарак пачынаюць пераганяць і перавозіць быдла. Згадвае пэнсіянэрка зь вёскі Антонаў Нараўлянскага раёну Гомельшчыны Ева Максіменка. Двацацць гадоў таму яна працавала на фэрме:

(Максіменка: ) “У нас за плотам тут калгас. Адусюль папрывозілі кароваў. А тыя каровы так раўлі, што страшна было выйсьці на двор. У каго былі малыя дзеці, пазвозілі іх, і жанчынаў пазвозілі. У нас езьдзілі людзі ў вайсковай форме, здымалі дахі й рабілі іх наноў, навозілі пясок, паганую зямлю зграбалі й вывозілі. Я ў іх пыталася, а яны нічога не адказвалі”.

(Карэспандэнт: ) “Адкуль вы даведаліся, што тут радыяцыя?”

(Максіменка: ) “Усе казалі, што ў Чарнобылі выбухнуў рэактар. А цяпер няма ніякага здароўя: ціск, галава і рукі баляць — усё баліць”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта ад радыяцыі?”

(Максіменка: ) “А я ведаю, ад чаго гэта? Некалі такога не было. А цяпер пачынае балець галава, і ўсё цела млее, хістае, нібыта п’яны”.

Першыя дні пасьля аварыі дзьме моцны вецер. Аблокі лятуць ва ўсе бакі. Радыяактыўныя дажджы выпадаюць у краінах Скандынавіі, Балтыі, у Польшчы, Нямеччыне, Францыі й Вялікабрытаніі. У Беларусі вецер заносіць радыянукліды ў Гарадзенскую і Менскую вобласьці. Найбольш церпіць паўночна-заходняя частка Гомельшчыны і Магілёўшчына.

У дні аварыі Ганна Каназобка дапамагала сваім суседзям па вёсцы Охар, што ў Чэрыкаўскім раёне Магілёўскай вобласьці, садзіць бульбу. У пэнсіянэркі выбух на ЧАЭС атаясамліваецца менавіта з дажджом.



(Каназобка: ) “Я перажыла тую радыяцыю. Я бачыла, як ішла хмара з боку Чэрыкава. Навалаклася такая смуга. А мы ў суседа бульбу сеялі”.

(Карэспандэнт: ) “Вы хаваліся?”

(Каназобка: ) “Ніхто не хаваўся!”

(Карэспандэнт: ) “Што было пасьля?”

(Каназобка: ) “Людзі пачалі хварэць і паміраць”.

(Карэспандэнт: ) “У вас тут была зона адсяленьня?”

(Каназобка: ) “Была. Там у Чэрыкаве пабудавалі дом. Абяцалі мне кватэру. Праўда, таго начальства ўжо няма. А новыя ўжо нічога ня ведаюць. У той дом начальнікі пасялілі сваіх сваякоў, а мы засталіся тут. Хоць бы два разы на тыдзень сюды прысылалі мэдыкаў”.

(Карэспандэнт: ) “Хто зьехаў, яны сюды прыяжджаюць?”

(Каназобка: ) “Хто пазьяжджаў, усе паўміралі!”

Забруджаную зону абносяць калючым дротам. Тут усталёўваюць адмысловы ахоўны рэжым — трапіць за агароджу можна толькі паводле пропуску.



У ліквідацыі наступстваў выбуху ўдзельнічае прыкладна 800 тысяч чалавек. Яны зразаюць слаі асабліва забруджанай глебы, закопваюць вёскі й палююць на марадэраў.

У 1986-м працоўнага аднаго з прамысловых прадпрыемстваў Гомелю Івана забіраюць на вайсковыя зборы. Па вяртаньні з Чарнобылю ён разьводзіцца з жонкай і перабіраецца ў родную вёску Канічы — гэта ў Касьцюковіцкім раёне Магілёўшчыны. Цяпер ён на пэнсіі з прычыны інваліднасьці.

(Іван: ) “Нас, нібы партызанаў, забралі туды на 45 дзён. Прыйшла позва ў ваенкамат, пасадзілі на цягнік і прывезьлі. Мы ўвесь час сьмяяліся. Прыехалі туды, пераапрануліся, выдалі камплекты хімабароны. Сказалі, што без адгазьнікаў хадзіць нельга. Тут мы зьдзівіліся й не зразумелі, што гэта за вучэньні такія?”

(Карэспандэнт: ) “Чым вы там займаліся?”

(Іван: ) “У нас быў асобны аддзел. Вырывалі рвы і заганялі туды тэхніку, а пасьля бульдозэры засыпалі. Тое самае і з хатамі было: прайшоў бульдозэр і пахаваў яе. За адзін такі рэйс нам выдавалі сто грамаў гарэлкі і ёд. Дык мы па тры рэйсы рабілі, каб было што выпіць”.



(Карэспандэнт: ) “Каб болей гарэлкі было?”

(Іван: ) “Так. Мы ж ня ведалі, навошта нам яе выдавалі. Прыкладам, заходзім у краму, якую трэба ліквідаваць. Глядзім, а там — поўныя паліцы. Якая ў мужыкоў адразу думка? Па бутэльцы схавалі й закусь узялі. А калі нам сказалі, што ежа атручаная радыяцыяй, бралі толькі закансэрваваныя харчы”.

(Карэспандэнт: ) “З хатаў нешта бралі?”

(Іван: ) “Мы такіх людзей якраз і ганялі. Яны зрывалі дываны. Ім абы іх прадаць і нажэрціся грашыма. Быў загад такіх людзей расстрэльваць на месцы”.

(Карэспандэнт: ) “Шмат тады людзей пастралялі?”

(Іван: ) “Пры мне чалавек сорак”.

(Карэспандэнт: ) “Як вашае здароўе?”

(Іван: ) “Была перадазіроўка радыяцыяй, мне перасаджвалі косткавы мозг. Трымаюся толькі на прышчэпках”.

(Карэспандэнт: ) “Кажаце, што шмат людзей з вамі было. Ведаеце, што зь імі здарылася? Яны жывыя?”

(Іван: ) “Вядома, не. Са ста чалавек маіх знаёмых толькі дваццаць засталіся жыць”.

(Карэспандэнт: ) “Ад чаго паміралі?”

(Іван: ) “Рак крыві”.

70% усіх радыянуклідаў з рэактару 4-га энэргаблёку Чарнобыльскай АЭС выпала на тэрыторыі Беларусі. Яна забрудзілі пятую частку краіны. Сёньня на гэтай тэрыторыі жыве паўтара мільёна чалавек. За апошнія дзесяць гадоў сярод гэтых людзей колькасьць захворваньняў на рак вырасла на 40%.

За дваццаць гадоў страты Беларусі ад чарнобыльскай катастрофы склалі 235 мільярдаў даляраў ЗША.
XS
SM
MD
LG