Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нямецкія мэдыі камэнтуюць "Чарнобыльскі шлях" і затрыманьні


Радыё Свабода “У Беларусі гадавіна чарнобыльскай катастрофы ператварылася ў дзень пратэсту супраць Лукашэнкі”, пішуць сёньняшнія нямецкія мэдыі. Інфармацыйныя агенцтвы і Інтэрнэт-старонкі вядучых выданьняў перадаюць пра апошнія арышты лідэраў беларускай апазыцыі, а таксама пра рэакцыі Эўразьвязу на беларускія падзеі.

Як піша "Stern", нягледзячы на забарону, тысячы праціўнікаў беларускага рэжыму ўдзельнічалі ўчора ў “Чарнобыльскім шляху” – акцыі пратэсту, прымеркаванай да 20-х угодкаў Чарнобыльскай катастрофы. Сярод затрыманых учора былі два вядомыя беларускія апазыцыянэры – Анатоль Лябедзька і Вінцук Вячорка. Сёньня сьпіс арыштаваных істотна папоўніўся. Сярод іх –лідэр беларускай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч.

Як перадае нямецкі тэлеканал N-TV, Эўрапейскі зьвяз адрэагаваў з абурэньнем на новую хвалю затрыманьняў апазыцыі ў Беларусі. “Мы пратэстуем і асуджаем любое затрыманьне асобы, якая ўдзельнічае ў палітычнай дэманстрацыі альбо ў іншых палітычных акцыях”, заявіла сёньня ў Брусэлі эўракамісар Бэніта Фэрэра-Вальднэр. Пасьля ўвядзеньня Эўразьвязам большых жорсткіх санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі магчымыя і іншыя захады, паведамляе N-TV.

Паводле нямецкай "Frankfurter Allgemeine", Аляксандар Мілінкевіч атрымаў адпаведны сыгнал з боку сілавых структур яшчэ на стадыі падрыхтоўкі “Чарнобыльскага шляху” –ён быў выкліканы ў пракуратуру, дзе яго папярэдзілі пра магчымыя наступствы. “Такая тактыка рэжыму, які хоча ўсяліць ў сваіх праціўнікаў няўпэўненасьць”, піша выданьне і працягвае: “Час выкліку ў пракуратуру cупаў з часам, калі ў Мілінкевіча была заплянаваная сустрэча з замежнымі журналістамі”.

"Frankfurter Allgemeine" зьвяртае ўвагу на тое, што ў сваім адмысловым звароце да землякоў з нагоды 20-х угодкаў Чарнобыля, Мілінкевіч упершыню назваў антыканстытуцыйны путч Лукашэнкі ў лістападзе 1996 “палітычным” Чарнобылем, які зрабіў рэальным шлях да дыктатуры –ад свабоды да рабства. Мілінкевіч таксама скрытыкаваў улады за замоўчваньне праўды пра Чарнобыль і прымус грамадзянаў вяртацца на забруджаныя радыяцыяй тэрыторыі.

Калі апазыцыі ўдасца ўмацаваць палітычны ўплыў у краіне і масавымі дэманстрацыямі ўсяліць няўпэўненасьць у дыктатара, яна шчыльна зоймецца чарнобыльскімі праблемамі, піша нямецкае выданьне.
XS
SM
MD
LG