Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто стане на чале першамайскай калёны пасьля масавых арыштаў?


Радыё Свабода Затрыманых сёньня раніцай кіраўніка Партыі камуністаў беларускай Сяргея Калякіна і аднаго з прафсаюзных лідэраў Аляксандра Бухвостава Першамайскі раённы суд Менску асудзіў, адпаведна, на 14 і 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Абодва палітыкі абвінавачаныя ва ўдзеле ў “несанкцыянаваным мітынгу” 26 красавіка.

Першай пачалі разглядаць адміністрацыйную справу аднаго з прафсаюзных лідэраў Аляксандра Бухвостава. Пасьля непрацяглага знаходжаньня за дзьвярыма кабінэту палітык выйшаў у шчыльным атачэньні міліцыі.

(Бухвостаў: ) “Пакуль што вядуць глядзець відэазапіс”.

(Карэспандэнт: ) “Людзей будуць лічыць, ці што?”

(Бухвостаў: ) “Нават ня ведаю. Хутчэй за ўсё, яны будуць вызначаць адказнасьць кожнага за правядзеньне мерапрыемства”.

Адказнасьць Аляксандра Бухвостава суд Першамайскага раёну ацаніў на 15 сутак адміністратыўнага арышту. Яму інкрымінаваны “актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу” 26 красавіка, што нібыта зафіксавалі відэакамэры спэцслужбаў (артыкул 167 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях “Арганізацыя несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў”). Сам жа спадар Бухвостаў кажа, што ніякіх супрацьзаконных дзеяньняў не ўчыняў і браў удзел у дазволенай Менгарвыканкамам акцыі.

Сяргея Калякіна пратрымалі ў судзе ўсю першую палову дня. У чаканьні судовага рашэньня лідэр Партыі камуністаў беларускай расказаў, як увогуле сюды трапіў.

(Калякін: ) “Мы з Бухвоставым раніцай прыехалі ў ГУУС Менгарвыканкаму дзеля вырашэньня пытаньня правядзеньня першамайскай дэманстрацыі…”

(Карэспандэнт: ) “Гэта вас туды запрасілі, так?”

(Калякін: ) “Так. І пасьля таго, як мы там вырашылі асноўныя пытаньні, нам сказалі, што просяць праехаць сюды, у Першамайскі аддзел. Маўляў, абмеркаваць учорашні мітынг, паглядзець адпаведны відэаматэрыял і ўсё астатняе”.

(Карэспандэнт: ) “Але да суду вы, прынамсі, маральна падрыхтаваныя не былі?”

(Калякін: ) “Ну, да чагосьці блізкага гатовыя былі”.

Сяргей Калякін паводле рашэньня суду атрымаў 14 сутак адміністрацыйнага арышту, у той час як усе астатнія яго паплечнікі – 15. Лёгіку падобнай розьніцы лічбаў у судзе не патлумачылі.

Перад пачаткам тэрміну зьняволеньня спадар Калякін задаў рытарычнае пытаньне: хто пасьля масавых арыштаў стане на чале першамайскай калёны?
XS
SM
MD
LG