Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі Сэйм прыняў ухвалу да ўгодкаў Чарнобыля і асудзіў арышты ў Менску


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польскі Сэйм прыняў сёньня адмысловую ўхвалу з нагоды ХХ гадавіны Чарнобыльскай катастрофы. Ужо пазьней дэпутаты даведаліся пра затрыманьне Аляксандра Мілінкевіча і іншых апазыцыйных лідэраў і падрыхтавалі яшчэ адну ўхвалу, у якой рэзка асуджаюцца захады беларускіх уладаў.

У чацьвер раніцай дэпутаты Сэйму аднагалосна прынялі ўхвалу, у якой адзначаецца, што сьвет павінен памятаць “аб асаблівай салідарнасьці з народамі Беларусі і Украіны, якія найбольш пацярпелі і працягваюць цярпець у выніку катастрофы”.

“Разам з памяцьцю аб ахвярах, мы памятаем пра цынізм тагачасных уладаў Савецкага Саюзу, якія, не інфармуючы пра сапраўдныя памеры катастрофы, паставілі пад пагрозу здароўе і жыцьцё тысячаў сваіх грамадзянаў і грамадзянаў суседніх краінаў”, – гаворыцца ў заяве.

Дэпутат Кшыштаф Лісэк, даведаўшыся пра затрыманьні беларускіх апазыцыянэраў, заявіў нашаму радыё, што будзе неадкладна інфармаваць аб гэтым эўрапейскія структуры.

(Лісэк: ) “Мне толькі адно слова прыходзіць на думку – гэта абсалютны скандал, яшчэ адзін доказ таго, што для Лукашэнкі міжнародныя дэмакратычныя стандарты ня маюць ніякага значэньня. Мы ўжо цяпер пачнём дыпляматычнымі каналамі інфармаваць эўрапейскія структуры – павінна быць неадкладная рэакцыя на арышт апазыцыйных лідэраў”.

У сваю чаргу кіраўнік дэпутацкай групы на карысьць салідарнасьці зь Беларусьсю Робэрт Тышкевіч паведаміў нашаму радыё, што затрыманьні апазыцыйных лідэраў у Беларусі сьведчаць аб тым, што апошнія прапановы беларускай амбасады аб разьвіцьці польска-беларускіх дачыненьняў – фальшывыя.

(Тышкевіч: ) “Думаю, што Лукашэнка, разумеючы, што апазыцыя аб’ядноўваецца, што дэмакратычны рух мае значную міжнародную падтрымку, пачынае расправу з апазыцыянэрамі. Мне падаецца, што трэба чакаць яшчэ больш рэзкіх захадаў. У такой сытуацыі мы таксама павінны быць больш рашучымі – ужо цяпер рыхтуецца рэзалюцыя Сэйму ў гэтай справе. Такія захады беларускіх ўладаў не павінны заставацца без адказу”.
XS
SM
MD
LG