Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Брусэлі адкрыецца інтэрнэтавы "Беларускі офіс" ЭЗ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Пасьля Варшавы, беларускі інфармацыйны цэнтар адкрываецца і ў Брусэлі. У сталіцы Бэльгіі і Эўразьвязу поўным ходам ідзе праца па стварэньні інтэрнэт-партала, дзе кожны беларус на сваёй мове зможа атрымаць практычна ўсю інфармацыю пра Эўразьвяз, сувязь эўразьвязаўскіх структураў зь Беларусьсю, стыпэндыяльныя праграмы ды іншае.

Кіраўнік праекту “Беларускі офіс”, асыстэнт віцэ-сьпікера Эўрапейскага парлямэнту Януша Анышкевіча Янка Чурыловіч кажа, што ідэя стварэньня такога цэнтру паўстала яшчэ летась, але ажыцьцявіць яе атрымалася толькі цяпер.

(Чурыловіч: ) “Мы плянавалі стварыць інфармацыйную адзінку, якая распавядала б беларусам пра Эўразьвяз, але з пункту гледжаньня беларусаў, шляхам, больш зразумелым звычайнаму беларусу. Тут інфармацыя пра тое, як робіцца палітыка ў Эўразьвязе ўвогуле, як прымаюцца заявы ці нейкія рашэньні ў справе Беларусі. Наш інтэрнэт-партал напэўна будзе карысны для беларускіх студэнтаў, навукоўцаў, якія цікавяцца эўрапейскай праблематыкай”.

Погляд на тое, што адбываецца ў Эўразьвязе і інфармаваньне аб гэтым беларусаў, напэўна, будзе беларускім, бо “Беларускі офіс” стварылі маладыя беларускі палітыкі і навукоўцы, якія ўжо скончылі ці яшчэ вучацца ў асьпірантурах заходніх ВНУ.

Сярод іх – асьпірант Страсбургскага ўнівэрсітэту Зьміцер Хадакоў, які далучыўся да праекту, бо лічыць вельмі важным, каб зацікаўленасьць беларускім пытаньнем у Эўропе пасьля выбараў працягвалася – “Беларускі офіс” будзе мець таксама англамоўную вэрсію, для жыхароў краінаў Эўразьвязу.

(Хадакоў: ) “Я ўжо 6 гадоў жыву ў Францыі і бачу, як эвалююць, напрыклад, мэдыі ў беларускім пытаньні – у часе гэтых так званых выбараў шмат пісалі пра Беларусь, шмат як ніколі. Нават краіны, якія раней нічога пра Беларусь ня ведалі, цяпер зацікавіліся. І трэба мець рэсурсы, рабіць усё, каб гэтую зацікаўленасьць падтрымаць”.

У бліжэйшыя дні пачне працаваць інтэрнэт-старонка “Беларускага офісу” (www.belarusoffice.org, www.belarusoffice.eu), праз якую можна будзе скантактавацца са стваральнікамі праекту, зрабіць заўвагі, калі нейкай інфармацыі не хапае.
XS
SM
MD
LG