Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: кіраўніка абласной арганізацыі БНФ трымалі ў міліцыі тры гадзіны


Радыё Свабода, Берасьце Толькі а 23-й гадзіне 26 красавіка старшыня Берасьцейскай абласной арганізацыі БНФ Юрась Губарэвіч і сябра гэтай партыі Яўген Пракурат былі адпушчаныя з Маскоўскага РАУС Берасьця.

Спадароў Губарэвіча і Пракурата затрымалі ўчора каля берасьцейскага гатэлю “Беларусь” за некалькі хвілінаў да пачатку акцыі “Сьвечка памяці”. Акцыя пачалася а 20-й гадзіне каля аднаго з прыпынкаў грамадзкага транспарту ў цэнтры гораду і была прымеркаваная да гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Спаслаўшыся на неадпаведнасьць рэгістрацыйных нумароў машыны, у якой знаходзіліся Юрась Губарэвіч і Яўген Пракурат, супрацоўнікі ДАІ даставілі іх у Маскоўскі раённы аддзел унутраных спраў Берасьця. Там была названая іншая прычына затрыманьня: нібыта ў міліцыянтаў зьявіліся зьвесткі, што ў гэтай машыне перавозіліся наркатычныя рэчывы.

Некалькі гадзінаў прайшлі ў чаканьні экспэртаў, якія замест наркотыкаў знайшлі у аўтамабілі апазыцыйнага палітыка надрукаваную афіцыйным чынам улётку і перадвыбарчую праграму Аляксандра Мілінкевіча. Спадароў Губарэвіча і Пракурата адпусьцілі з пастарунка а 23-й гадзіне.

Юрась Губарэвіч лічыць, што галоўным матывам ягонага прэвэнтыўнага затрыманьня сталася менавіта акцыя “Сьвечка памяці”, бо ўвесь час міліцыянты шукалі арганізатараў гэтага мерапрыемства. Удзел у акцыі бралі больш за 150 берасьцейцаў, якія з запаленымі сьвечкамі і лямпадкамі моўчкі стаялі ўздоўж праспэкта Машэрава.

Аналягічная акцыя ўвечары 26 красавіка прайшла таксама на галоўнай плошчы Бярозы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG