Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лідэр БНФ В.Вячорка пакараны арыштам на 15 сутак (абноўлены)


Радыё Свабода Суд Савецкага раёну пакараў Вінцука Вячорку арыштам на 15 сутак. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу каля Акадэміі Навук, у несанкцыянаваным шэсьці, і ў несанкцыянаваным мітынгу каля капліцы на вул. Карастаянавай.

Вінцук Вячорка лічыць свой арышт сьведчаньнем слабасьці ўладаў перад хваляй вулічных акцыяў апазыцыі.

Вінцука Вячорку абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыяваным шэсьці па праспэкце Незалежнасьці (былы праспэкт Францішка Скарыны) і ў мітынгах на ганку прэзыдыюму Акадэміі навук і ля капліцы на вуліцы Карастаянавай. Арыштаваны заявіў у судзе, што затрыманьне не было для яго нечаканым. Нагадаем: лідэра БНФ затрымалі супрацоўнікі міліцыі Савецкага раёну Менску пасьля завяршэньня Чарнобыльскага шляху. Ноч апазыцыянэр правёў у турме на Акрэсьціна. У суд жонка Вінцука Вячоркі Арына і ягоная маці прынесьлі цёплыя рэчы і харчы. Яны былі ўпэўненыя, што яго арыштуюць.

15 сутак арышту Вінцук Вячорка будзе адбываць у турме на Акрэсьціна. Адразу пасьля вынясеньня прысуду ён пракамэнтаваў судовае рашэньне:

(Вячорка: ) “Мы дайшлі да ступені, калі ўжо за санкцыянаваныя акцыі, шматлікасьць і небясьпека якіх для ўладаў высокія, яны пачынаюць караць. Гэта маразм, у тым ліку праўны маразм. Думаю, што мы робім усё правільна. Год-паўтара — гэта той максымум, які яны здолеюць вытрымаць. Гэта помста за вясну. Наіўная спроба запалохаць нас, але гэта сьмешна”.

Вінцука Вячорку судзілі ў Савецкім судзе Менску, адрозна ад астатніх затрыманых удзельнікаў акцыі. Аляксандра Мілінкевіча, Сяргея Калякіна й Аляксандра Бухвостава судзілі ў Першамайскім раённым судзе.
XS
SM
MD
LG