Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінцука Вячорку будуць судзіць у Савецкім раённым судзе Менску


Радыё Свабода Некалькі чалавек былі затрыманыя ў розных месцах Менску да правядзеньня і падчас Чарнобыльскага шляху. Сярод іх – лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка.

А 17 гадзіне на плошчы Якуба Коласа байцы спэцназу затрымалі 5 актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Вольная моладзь”, якія мелі атрыбутыку сіняга колеру. У Савецкім РУУС на іх склалі пратаколы за дробнае хуліганства. Аляксей Шыдлоўскі, каардынатар Зубра а 6-й вечара трапіў у аддзел міліцыі Партызанскага раёну. Там яго трымалі, пакуль ня скончыўся Чарнобыльскі шлях. Але і пасьля гэтага яго не адпусьцілі дадому, ноч ён правёў у турме на Акрэсьціна. Міліцыянты таксама затрымалі ягонага паплечніка Яўгена Афнагеля. Шасьцярых непаўнагадовых актывістаў моладзевых арганізацыяў затрымалі прэвэнтыўна ля Кастрычніцкай плошчы. Іх адпусьцілі позна ўвечары. Каля Акадэміі навук спэцназаўцы затрымалі сябра АГП Аляксандра Зялко і трох грамадзян Украіны, сярод якіх адзін непаўнагадовы хлопец.

Калі скончыўся мітынг каля Чарнобыльскай капліцы на вуліцы Карастаянавай, супрацоўнікі міліцыі затрымалі лідэра БНФ Вінцука Вячорку. Пакуль невядома, у чым яго абвінавачваюць, але зьявілася інфармацыя, што судзіць Вячорку будуць у судзе Савецкага раёну Менску. Спадар Вячорка ўжо адбываў адміністратыўны арышт за ўдзел у сустрэчы А.Мілінкевіча з выбарцамі 8 сакавіка. Цяпер яму зноў пагражае арышт.
XS
SM
MD
LG