Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Галасы і твары плошчы: Аляксей Сюдак


Радыё Свабода Радыё Свабода працягвае расказваць пра прыхільнікаў пераменаў, якія пацярпелі ад уладаў падчас нядаўніх прэзыдэнцкіх выбараў. Палітвязьнем менскай турмы на Акрэсьціна больш як два тыдні быў і 25-гадовы дэмакратычны актывіст зь Вялейкі Аляксей Сюдак.

Пасьля фінішу агітацыйнай кампаніі за Мілінкевіча ў Вялейцы Аляксей Сюдак падаўся ў сталіцу. Але сувязь зь ім тут раптоўна абарвалася. Больш як суткі пра яго не было чуваць ніякіх вестак. Пра тое, што адбылося, Аляксей змог распавесьці значна пазьней.

(Сюдак: ) “Там не зусім зразумелая сытуацыя. Я ішоў па горадзе, і аднекуль за мною сачылі. Яны мяне затрымалі…”

Аляксей Сюдак – асоба ў Вялейцы вядомая. Тут ён узначальвае суполку партыі БНФ. Паводле кіраўніка вялейскай суполкі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімера Малярчука, Аляксей – лідэр аўтарытэтны, найперш сярод мясцовай актыўнай моладзі.

Малярчук: ) “Таму што ён пастаянна чымсьці цікавіцца, ён захоплены барацьбой за законнасьць, за праўду, за чэснасьць. Ён прыцягвае іншых…”

Віталь Паўлоўскі – яшчэ адзін вялейскі сябра Аляксея. Ён лічыць, што дэмакратычныя погляды паплечніка былі сфармаваныя яшчэ ў яго юным узросьце.

(Паўлоўскі: ) “Ён наагул выйшаў са скаўтаў. У 94-м годзе пры маім удзеле была створаная скаўцкая арганізацыя. Ён быў тады яшчэ вучнем, прыйшоў у скаўцкую арганізацыю і, як мяркую, яна зрабіла ўплыў на ягоную сьвядомасьць, жыцьцёвы выбар. Скаўцкая арганізацыя выдавала газэту. І цяпер ён, калі падрос, пачаў выдаваць газэту “Волат”. Гэта гістарычная газэта…”

Цяга да гісторыі адбілася на выбары Аляксеем Сюдаком прафэсіі. Ён заканчвае завочнае навучаньне ў менскім пэдагагічным унівэрсытэце як будучы настаўнік гісторыі. Пытаньне, аднак, у тым, ці дазволяць вялейскаму актывісту выкладаньне ў цяперашняй беларускай школе. Бо першая спроба працы выкладчыкам не ўдалася.

(Сюдак: ) “Я працаваў у базавай вясковай школе. Маленькія школы, паводле пляну, закрываліся і звозіліся ў адну вялікую. У тым ліку закрылі і маю, дзе правёў чатыры гады”.

Пасьля гэтага Аляксей быў пэўны час беспрацоўным, а затым уладкаваўся ў прадпрымальніцкую структуру.

Але вернемся да яго сакавіцкага затрыманьня. Турэмныя ўражаньні захаваліся ў яго дагэтуль.

(Сюдак: ) “Самае цікавае на 25 сакавіка было, калі Казулін вёў людзей да Акрэсьціна. Я тады знаходзіўся ў камэры, вокны якой выходзілі ва двор. Сюды загналі спэцназ – з аўтаматамі, пісталетамі. Загналі туды два аўтамабілі накшталт “хамэраў” – гэта аўтамабілі расейскай вытворчасьці “тыгры”. Яны стаялі з непрабівальнымі шчытамі. Мы разумелі, што адбываецца нешта сур’ёзнае, што, відаць, людзі ідуць сюды, хаця мы й ня ведалі, што яны ідуць. Паколькі там былі прыняты такія сур’ёзныя меры бясьпекі. Уражаньні: вельмі шмат там клясных людзей сядзела. Мяне перакідвалі там з камэры ў камэру, і я пазнаёміўся са шмат якімі людзьмі...”
XS
SM
MD
LG