Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветныя інфармацыйныя агенцтвы пра Чарнобыльскі шлях


Радыё Свабода Усе сусьветныя інфармацыйныя агенцтвы сёньня падаюць падрабязныя рэпартажы аб “Чарнобыльскім шляху” ў Менску. Яны называюць розную колькасьць удзельнікаў – ад 5 тысячаў (ІТАР-ТАСС) да 10 тысячаў (Асашыэйтэд Прэс).

Агенцтва Франс-Прэс адзначае, што акцыя насіла палітычны характар, дэманстранты патрабавалі зыходу Аляксндра Лукашэнкі з пасады прэзыдэнта, а лідэр апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч заявіў пра ўзмацненьне кампаніі, якая мае на мэце адстаўку дзейнага кіраўніка Беларусі законнымі мэтадамі. АФП падае камэнтар да падзеі заходняга амбасадара, які прысутнічаў на Чарнобыльскім шляху: ён, у прыватнасьці, заўважыў, што дэманстрацыя сабрала меней людзей, чым акцыі пад час пасьлявыбарчых пратэстаў, але станоўча ацаніў выключна мірныя мэтады палітычнай барацьбы Мілінкевіча, зазначыўшы, што такім чынам “апазыцыя хоча пераканаць людзей, што ім ня трэба баяцца”.

Асашыйтэд Прэс цытуе словы Аляксандра Мілінкевіча аб тым, што апазыцыя ня будзе чакаць пяць гадоў да адстаўкі Лукашэнкі, а даможацца гэтага цягам году-двух, а можа і хутчэй, што “мірнымі акцыямі гэты рэжым будзе разбураны”. Карэспандэнт Асашыэйтэд Прэс заўважыў, што дэманстранты ў Менску старанна выконвалі правілы дарожнага руху, нават пераходзілі вуліцы па падземных пераходах. “Вялікая колькасьць удзельнікаў акцыі, – піша далей карэспандэнт АП, – можа быць знакам таго, што прыхільнікі Мілінкевіча здольныя падтрымліваць на высокім узроўні сваю гатоўнасьць удзельнічаць у кампаніі супраць аўтарытарнага праўленьня Лукашэнкі”.

Карэспандэнтка агенцтва “Ройтэр” таксама зьвярнула ўвагу на рашучасьць беларускай апазыцыі дамагчыся адстаўкі А.Лукашэнкі цягам бліжэйшых двух гадоў. Яна дае падрабязную цытату з выступу Аляксандра Мілінкевіча ля Акадэміі Навук, які заявіў, што рэжым Лукашэнкі будзе разбураны актамі грамадзянскага непадпарадкаваньня.

Журналістка “Ройтэр” далей піша, што сам Лукашэнка апошнія два дні правёў на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях Гомельшчыны, і дзяржаўнае Беларускае тэлебачаньне паказвала, як ён сачыў за пасяўной кампаніяй ў чарнобыльскай зоне. “Ройтэр” падае думку аднаго з удзельнікаў “Чарнобыльскага шляху” 73-гадовага спадара Міхася, які прыйшоў на акцыю апазыцыі з унучкай. Спадар Міхась сказаў журналістцы “Ройтэр”: “У Беларусі дзьве бяды – Чарнобыль і Лукашэнка, і Лукашэнка, відаць, горшая бяда, бо калі Чарнобыль раніць фізычна, то Лукашэнка стаў прычынай маральных і мэнтальных страт”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG