Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч заклікаў распачаць працэдуру імпічмэнту


Радыё Свабода У “Чарнобыльскім шляху” узялі ўдзел, паводле розных ацэнак, каля 10 тысячаў чалавек. Міліцыя затрымала некаторых удзельнікаў шэсьця, у тым ліку кіраўніка партыі БНФ Вінцука Вячорку.

На мітынгу Аляксандар Мілінкевіч заклікаў людзей далучацца да шырокага грамадзкага руху “За свабоду”, а таксама распачаць працэдуру імпічмэнту Аляксандру Лукашэнку. Удзельнікі мітынгу, а іх было каля 10 тысячаў чалавек, падтрымалі прапанову намесьніцы старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Людмілы Гразновай аб стварэньні міжнароднага суду, які будзе судзіць датычных да зьнікненьня Ганчара, Захаранкі, Красоўскага, Завадзкага і тых, хто садзілі людзей за краты. Акадэмік Іван Нікітчанка прапанаваў стварыць аб’яднаньне ўсіх пацярпелых ад Чарнобылю.

На жалобным мітынгу была агучаная рэзалюцыя, у якой сярод іншага патрабавалася аднавіць у поўным аб''ёме дзеяньне закону аб дапамозе ахвярам Чарнобыльскай катастрофы.

Вось што сказаў Радыё Свабода па завяршэньні мітынгу лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка пра вынікі “Чарнобыльскага шляху”.

(Вячорка: ) “Улады выбралі, як заўсёды, самы недарэчны і ганебны для сябе сцэнар. Нашто было перакрываць плошчу? Нашто было прэвэнтыўна затрымліваць людзей? Нашто было заганяць відавочна вялізарную масу народу на ходнікі, на якіх яна не зьмяшчалася. Я вельмі ўсьцешаны, што людзей прыйшло дастаткова шмат, што людзі гэтыя – пераважна маладыя, тыя хто адчуў, наколькі важна пачуцьцё пляча і локця. Гэта людзі вясны 2006 году. Мы гаварылі і пра Чарнобыль, як заўсёды 26 красавіка, але і гаварылі пра тую праблему, без вырашэньня якой разьвязаньне чарнобыльскіх бедаў таксама немагчыма. Акцыя ўдалася, стала важным акцэнтам і аргумэнтам за тое, што перамены ў Беларусі непазьбежныя, і вельмі хуткія”.

Праз дзесяць хвілін, як Вінцук Вячорка даў гэты камэнтар для Радыё Свабода, стала вядома пра ягонае затрыманьне. Апроч яго падчас “Чарнобыльскага шляху” былі затрыманыя яшчэ некалькі чалавек, у тым ліку і грамадзяне Ўкраіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG