Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве прайшла акцыя салідарнасьці з "Чарнобыльскім шляхам"


Павло Зуб''юк, Кіеў Сёньня ў цэнтры Кіева на Міхайлаўскай плошчы адбылася акцыя салідарнасьці з удзельнікамі менскага "Чарнобыльскага шляху".

У акцыі ўдзельнічалі каля двух дзясяткаў чалавек. Пачалася яна са своеасаблівага паўтору акцыі салідарнасьці 16 красавіка: маладыя людзі селі на зямлю ля помніка ахвярам галадамору і разгарнулі ўкраінскія газэты, у якіх былі замазаныя чорным маркерам цэлыя абзацы. Мінакам яны казалі, што менавіта так выглядае свабода слова ў Беларусі.

Калі пачало цямнець, удзельнікі акцыі запалілі сьвечкі салідарнасьці. Адзін з арганізатараў акцыі Аляксандар Алфёраў сьцьвярджае: асноўнай мэтай было паказаць, што Чарнобыль – гэта ня толькі ўкраінская, але і беларуская праблема. Акрамя таго, беларускія ўлады дагэтуль ня вызналі сапраўдных памераў чарнобыльскае катастрофы.

(Алфёраў: ) "Калі ўвесь цывілізаваны сьвет памятае пра чарнобыльскую катастрофу як пра агульначалавечую бяду, апошні генацыд у Савецкім Саюзе, калі яе вызнаюць ува ўсім сьвеце, у Беларусі наступствы Чарнобылю дагэтуль не прызнаныя. Людзям ня кажуць усёй праўды, селяць іх на забрудненых тэрыторыях. Сёньня ў Менску адбываецца “Чарнобыльскі шлях” і зь ім салідарнае мноства людзей, тут, у Кіеве, у Эўропе, ува ўсім сьвеце".

У акцыі ўдзельнічалі і беларусы, якія хаваюцца ў Кіеве ад перасьледу беларускае ўлады. Распавядае Юля, сябра гомельскага моладзевага цэнтру “Гарт”:

(Юля: ) "Уражаньні ад акцыі засталіся вельмі станоўчыя, вельмі прыемна, што ўкраінцы падтрымліваюць нас маральна. Маральная падтрымка для нас сёньня – гэта галоўнае. Хачу падзякаваць ня толькі ўкраінцам, якія ладзяць такія акцыі тут, у Кіеве, але і тым, якія паехалі на “Чарнобыльскі шлях” у Менск і якіх сёньня затрымалі".

Падчас акцыі стала вядома пра затрыманьне на мітынгу ў Менску ўкраінскіх актывістаў. Удзельнікі акцыі са сьмехам заўважылі, што гэта ня спыніць маладых украінцаў у іх жаданьні дапамагаць беларускім сябрам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG