Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Станіслаў Шушкевіч: “Сёлетні "Чарнобыльскі шлях" найбольш масавы”


Радыё Свабода, Менск З удзельнікамі вулічнай акцыі гутарыў наш карэспандэнт.

Сярод удзельнікаў Чарнобыльскага шляху сёньня быў прафэсар, старшыня Вярхоўнага савету 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч.

(Шушкевіч: ) “Пэўная нечаканасьць для мяне, што так шмат людзей сабралася. Я бачу, што настрой ва ўсіх дзелавы і, як падаецца, ніякіх выбрыкаў міліцыі каля Акадэміі навук ня будзе. Арганізацыя добрая”.

У калёне я заўважаю відавочна наймалодшага.

(Карэспандэнт: ) “Як цябе завуць? У якой клясе зараз?”

(Хлопчык: ) “Я – Міхась, ужо ў другой клясе”.

(Маці хлопчыка: ) “Я зараз апранаю на свайго сына накідку, якая была 16 гадоў таму на маёй дачцэ, калі мы ехалі на Чарнобыльскі шлях з Гомелю ў 1990-м годзе”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму Вы не пабаяліся ўзяць дзіця?”

(Маці: ) “Баяцца ўжо няма чаго!”

(Гукі: ) “Ганьба!”

(Першая спадарыня: ) “У мяне два сыны. Адзін нарадзіўся ў 1986-м годзе, другі – ў 1989-м. Дзіця 1989 году нараджэньня быў з найцяжэйшай формай гемалітычнай хваробы. Нам казалі, што ў 1986 годзе такіх хворых дзяцей было толькі трое на аддзяленьне. А ў 1989-м – 27 на аддзяленьне. Гэта значыць, што пачаліся праблемы з крывёю”.

(Карэспандэнт: ) “А якія прычыны вымушаюць Вас удзельнічаць у акцыі?”

(Другая спадарыня: ) “У мяне галоўная прычына – мая Беларусь. Я адчуваю, якую страту панесла краіна ад Чарнобылю. Ужо колькі людзей памерла, а яшчэ больш хварэюць. Прыйшла выказаць свой пратэст”.

(Гукі: ) “Ганьба!”

(Карэспандэнт: ) “Памятаеце, як дваццаць гадоў таму Беларусь змагалася з наступствамі Чарнобыльскай аварыі? А цяпер Лукашэнка загадвае вяртацца ў забруджаныя зоны. Якія Вашыя думкі?”

(Першы спадар: ) “Маскоўскія вучоныя заявілі, што першыя тысячу гадоў на гэтай тэрыторыі нельга жыць. Нават найменшыя дозы радыяцыі адмоўна узьдзейнічаюць на здароўе чалавека”.

(Другі спадар: ) “Хачу дадаць, што колькасьць хворых немаўлятаў у Беларусі павялічылася ў 23 разы. Як можна ацаніць такое?! Толькі вар''ят можа засяляць туды людзей”.

Сёньня на акцыі ў Менску было заяўлена, што чвэрць тэрыторыі, дзе жыве амаль два мільёны чалавек, забруджаная радыёнуклідамі. У мясцовасьці ад 15 да 40 кюры прыкладна 140 тысячаў насельнікаў, хаця ў Расеі й ва Ўкраіне з такіх зонаў людзей даўно адсялілі.
XS
SM
MD
LG