Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску прайшлі дзьве акцыі да ўгодкаў Чарнобыльскай трагедыі


Радыё Свабода, Віцебск Сябры Партыі БНФ, Аб''яднанай Грамадзянскай партыі ды прадстаўнікі шэрагу грамадзкіх аб''яднаньняў а 18-й вечара распачалі несанкцыянаваную акцыю “За новую Беларусь без Чарнобыля”.

На Плошчу тысячагодзьдзя праз газэту “Віцебскі кур''ер” актывісты запрасілі юных мастакоў са сваімі творамі, прысьвечанымі ўгодкам аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Усім астатнім удзельнікам – а дзетак на плошчы сабралася з паўтара дзесятка – арганізатары прапанавалі проста на месцы намаляваць, якой яны бачаць Беларусь у будучыні, калі мінецца небясьпека чарнобыльскіх наступстваў. Юным творцам раздалі аркушы паперы ды розныя мастакоўскія прылады: фарбы, алоўкі, флямастэры. А недзе праз гадзіну была гатовая імправізаваная выстава, усе ўдзельнікі якой атрымалі ў якасьці “ганарару” ласункі – “салодкія прызы”, падрыхтаваныя віцебскімі прадпрымальнікамі.

Напрыканцы гледачы і арганізатары выставы запалілі 20 сьвечак дзеля памяці ахвяраў Чарнобылю і паставілі іх у царкве Зьвеставаньня.

Жалобны вянок з запаленымі сьвечкамі пусьцілі па Дзьвіне віцебскія сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” і проста неабыякавыя жыхары гораду, што далучыліся да акцыі партыйцаў. Да вянку была прымацаваная стужка са словамі “Атамным салдатам Чарнобылю ад нашчадкаў атамных салдатаў”. Ініцыятарам гэтае акцыі быў ліквідатар наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, старшыня абласной партыйнай арганізацыі БСДП “Грамада” Анатоль Гнеўка.

Абедзьве акцыі праходзілі пад пільнай увагай міліцыянтаў. Спусканьне жалобнага вянка на ваду яны назіралі, не выходзячы з машыны. А вось да выставы дзіцячых малюнкаў выказалі прэтэнзіі – з тае нагоды, што ў арганізатараў няма дазволу ад уладаў. Але прынялі рашэньне нікога не затрымліваць, тым болей, што пераважную колькасьць удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі складалі зусім юныя грамадзяне Беларусі.



XS
SM
MD
LG