Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка шкадуе аб вывадзе зь Беларусі ядзернай зброі і абараняе Іран


Радыё Свабода Выступаючы ў Брагіне, Аляксандар Лукашэнка выказаў шкадаваньне, што ў свой час з Беларусі была выведзеная ядзерная зброя. “Не я прымаў гэтае рашэньне, але, па шчырасьці, калі б зараз так паўстала пытаньне, то я б так не зрабіў”, – сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы выступіў у абарону пазыцыі Ірану адносна ядзерных праграмаў. “Тыя, хто прад’яўляе прэтэнзіі да Ірану – вы хочаце мець бяз’ядзерны сьвет? Дык давайце з вас і пачнем”, – сказаў Лукашэнка. Ён дадаў, што “калі асобным дзяржавам пагражаюць ядзерныя дзяржавы, то як бы мы ні ціснулі, гэтыя дзяржавы будуць імкнуцца абараняць сваю краіну, свае багацьці і народ”.

Паводле Лукашэнкі “кепска, што гэтая зараза распаўзаецца па сьвеце, але трэба шукаць першапрычыну, а яна ў тым, што моцныя гэтага сьвету, маючы ядзерную зброю, спрабуюць дзяліць сьвет, нападаць на іншыя краіны і зьнішчаць іх”.

А.Лукашэнка не выключае, што раней ці пазьней паўстане пытаньне аб будаўніцтве ў краіне атамнай электрастанцыі. “Гэта сур''ёзная бясьпека для нашай дзяржавы”, – заявіў ён, выступаючы ў Брагіне. Паводле яго, рашэньне будзе прымацца, "калі людзі яго падтрымаюць". "Я не пайду на прыняцьце кулюарнага рашэньня", – сказаў ён. “Калі мы людзей папросім, патлумачым, што гэта ім трэба, а ня мне, то нас беларусы падтрымаюць у гэтым пляне” – упэўнены Лукашэнка.

“Калі б у нас была атамная электрастанцыя, да нас інакш бы ставіліся ў сьвеце”, – падкрэсьліў кіраўнік дзяржавы.

Ён патлумачыў, што і зараз Беларусь абкружаная атамнымі станцыямі – у Санкт-Пецярбургу, Ігналіне, Смаленску. “Лепш мець на нашай тэрыторыі атамную станцыю, чым мы іх маем ў сябе пад бокам”, – сказаў ён.
XS
SM
MD
LG