Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Барыс Батура: 125 тысяч жывуць на заражаных тэрыторыях


Радыё Свабода У Магілёве на жалобным мітынгу да 20-й гадавіны чарнобыльскае катастрофы выступіў старшыня аблвыканкаму Бырыс Батура. Барыс Батура заявіў, што ў Магілёўшчыне на тэрыторыях забруджаньня больш за 1 кюры жывуць 125 тысяч чалавек, зь іх 26 тысяч — дзеці.

Паводле ягоных словаў, у 2000 годзе завершаная праграма адсяленьня жыхароў з забруджаных тэрыторыяў. З зоны адселена 21 тысяч чалавек.

Спадар Батура зазначыў, што за прамінулыя пяць гадоў пабудаваныя шпіталі ў Дрыбіне ды Касьцюковічах, паліклінікі ў Быхаве і Дрыбіне. Ільготныя катэгорыі грамадзянаў атрымалі 455 кватэраў. Пабудаваныя дзьве школы і гандлёвыя аб’екты, дзевяць станцыяў абезжалезьваньня вады, 25 кілямэтраў вадаправоду. Пракладзена 18 кілямэтраў газаправоду. Да сетак прыроднага газу падключаныя тры кацельныя й 1002 прыватныя дамы. За гэты час на выплату кампэнсацыяў, аздараўленьне й бясплатнае харчаваньне выдаткавана 112 мільярдаў рублёў.

У вобласьці створаны дзяржаўны рэгістар асобаў, што зазналі ўзьдзеяньне радыяцыі. На дыспансэрны ўлік узятыя больш як 200 тысяч чалавек. На дадзены момант ажыцьцяўляецца пераход ад рэабілітацыі да разьвіцьця пацярпелых тэрыторыяў. Асаблівая ўвага надаецца сацыяльнай абароне насельніцтва, паведаміў Барыс Батура.

Паводле ўпраўленьня ў праблемах чарнобыльскае катастрофы й надзвычайных сытуацыях на адоленьне наступстваў чарнобыльскае кастрофы сёлета ў студзені-сакавіку накіравана 16,6 мільярдаў рублёў — у тым ліку на аздараўленьне і санаторна-курортнае лекаваньне пайшло 1,4 мільярда рублёў. 3,3 тысячы чалавек, у тым ліку 3 тысячы дзяцей аздароўленыя. На льготы і бясплатнае харчаваньне патрачана 4,9 мільярдаў рублёў.

Капітальныя ўкладаньні за азначаны пэрыяд склалі 3,6 мільярда рублёў, а ў ахоўныя захады ў сельскай гаспадарцы — 5,7 мільярда. Спэцыялізаванае прадпрыемства “Радон” зьнесла і перахавала 46 забудоваў на 0,5 мільярда рублёў, паінфармавала ўпраўленьне ў праблемах чарнобыльскае катастрофы й надзвычайных сытуацыях.
XS
SM
MD
LG