Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэсмэн Шымкус: Сьвет будзе сачыць за “Чарнобыльскім шляхам”


Радыё Свабода Амэрыканскі кангрэсмэн Джон Шымкус учора выступіў на паседжаньні Кангрэсу ЗША з прамовай аб сытуацыі ў Беларусі. Джон Шымкус, які прыяжджаў як назіральнік на беларускія прэзыдэнцкія выбары ў сакавіку, расказаў пра масавыя арышты ў часе выбарчай кампаніі і пра здушэньне пратэстаў пасьля выбараў.

Паводле Шымкуса, Аляксандар Лукашэнка, захаваўшы ўладу ў выніку несвабодных і несправядлівых выбараў, можа палічыць, што ўвага ўсясьветных мэдыяў да Беларусі зьменшылася, і таму можна жорстка здушыць традыцыйнае шэсьце апазыцыі – “Чарнобыльскі шлях”.

(Шымкус: ) “Я скарыстаю свой час сёньня, каб зьвярнуцца да яго, зьвярнуцца да людзей Беларусі, да людзей, якія прагнуць свабоды і дэмакратыі, што сьвет будзе сачыць за заўтрашнім мітынгам. Я спадзяюся, што мае калегі ў гэтай залі разам са мной выступяць у падтрымку свабоды ў Беларусі і будуць супрацоўнічаць з народам Беларусі, каб зрабіць магчымымі свабодныя і справядлівыя выбары ў гэтай краіне”.

Кангрэсмэн Шымкус таксама расказаў сваім калегам пра зьняволеньне былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна. Шымкус назваў утрыманьне Казуліна пад вартай незаконным. На думку амэрыканскага кангрэсмэна, толькі ціск з боку міжнароднай супольнасьці можа прымусіць беларускія ўлады вызначыць дату суду, на якім Казулін мог бы давесьці сваю невінаватасьць.
XS
SM
MD
LG