Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: дапамога чарнобыльскім дзецям штогод зьмяншаецца


Радыё Свабода, Берасьце Старшыня берасьцейскага гарадзкога аддзяленьня грамадзкага аб’яднаньня Беларускага рэспубліканскага таварыства “Дзеці ў бядзе” Алена Галаш абураецца тым, што з кожным годам усё горшае стаўленьне грамадзтва й дзяржавы да праблемаў чарнобыльцаў.

Нядаўна старшыня таварыства "Дзеці ў бядзе" даслала больш за сорак лістоў кіраўнікам буйных прадпрыемстваў гораду з просьбай падтрымаць гадаванцаў — 141 дзіця з анкалягічнымі й гематалагічнымі захворваньнямі. Аднак амаль ніхто не адгукнуўся на просьбу актывісткі.

“Мы не патрабуем грошай, гэта могуць быць пачастункі, садавіна”, — кажа Алена Мікалаеўна. Аднак і гэта ня самае галоўнае. На ейную думку, дзецям патрэбная ўвага грамадзтва, бо толькі нядаўна памерлі 57 хворых дзяцей.

Сёньня многія дзеці з чарнобыльскім лёсам адчуваюць сябе дыскамфортна ў дзіцячых садках і школах, а іхныя бацькі атрымліваюць мізэрную грашовую дапамогу ад дзяржавы.

Зь цяжкасьцямі ў працы сутыкнуліся прадстаўнікі Берасьцейскай асацыяцыі маці ў дапамогу дзецям Чарнобылю. Старшыня рэвізійнай камісіі гэтай арганізацыі Алена Міцковіч кажа, што сёньня амаль немагчыма арганізаваць лячэньне дзяцей за мяжой. Калі раней вывозілі сто дзяцей за раз, то летась усяго пятнаццаць.

Сёлета можа так атрымацца, што ніхто зь дзяцей не паедзе на лячэньне. Эўрапейскія структуры адмаўляюцца працаваць зь беларусамі з-за бюракратычных перашкодаў, якія чыняць беларускія ўлады.
XS
SM
MD
LG