Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежная прэса – пра ўгодкі Чарнобыля і наступствы катастрофы


Валер Каліноўскі, Прага Уся сусьветная прэса сёньня зьмяшчае артыкулы, рэпартажы і інтэрвію, прысьвечаныя 20-й гадавіне Чарнобыльскай катастрофы. У цэнтры ўвагі публікацыяў перш за ўсё доўгатэрміновыя наступствы аварыі на ЧАЭС, тыя, пра якія вядома сёньня, і будучыя, толькі прагназаваныя.

Уплывовая брытанская газэта "Файнэншл Таймз" сёньня паведамляе, што перад 20-мі ўгодкамі Чарнобыля палітыкі, навукоўцы і актывісты па ўсім сьвеце праводзілі міжнародныя канфэрэнцыі, прысьвечаныя Чарнобылю. Пад час розных дыскусіяў выявілася два асноўныя супрацьлеглыя заключэньні: у прыватнасьці, на канфэрэнцыі, арганізаванай МАГАТЭ, дакладчыкі запэўнівалі, што аварыя, падобная да Чарнобыльскай, ня можа ў будучым паўтарыцца, а на антыядзерных форумах актывісты экалягічных груп настойвалі, што рызыка будучых катастроф нават расьце ў сувязі з тым, што прытупляецца і паступова зьнікае памяць пра Чарнобыль, і што ўрады розных дзяржаў усё больш актыўна вяртаюцца да праграмаў разьвіцьця атамнай энэргетыкі.

20-я ўгодкі Чарнобыля сталі падставай для інтэлектуальнай вайны, якая і вырашыць, ці адбудзецца хуткае разьвіцьцё атамнай энэргетыкі ў сьвеце ў бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі,– заключае газэта.

Міжнароднае інфармацыйнае агенцтва "Асашыэйтэд прэс" сёньня нагадвае спрэчныя прагнозы Сусьвенай арганізацыі аховы здароўя і экалягічнага руху “Грынпіс” – паводле першай, ад раку, выкліканага чарнобыльскай радыяцыяй, яшчэ памрэ каля 9300 чалавек, а “Грынпіс” кажа пра тое, што колькасьць ахвяраў можа быць у дзесяць разоў большая. Агенцтва нагадвае, што ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС было адселена са сваіх дамоў 350 тысячаў чалавек, што горад Прыпяць і многія вёскі навокал апусьцелі ці не на стагодзьдзі, і што дагэтуль 5 мільёнаў чалавек стала жыве на забруджаных тэрыторыях у Беларусі, Расеі і Ўкраіне.

Амэрыканская газэта “Інтэрнэшнл геральд трыб''юн” нагадвае, што Чарнобыльская катастрофа выявіла склератычную прыроду былога Савецкага Саюзу, і паспрыяла ягонаму хуткаму канцу.

Польская “Газэта Выборча” сёньня публікуе вялікі рэпартаж з адселеных тэрыторыяў і з самой Чарнобыльскай АЭС. Газэта піша, што ў саркафагу вельмі шмат шчылін – толькі ў ягонай столі на тысячы квадратных мэтраў, што пад ім застаецца 180 тон атамнага паліва і каля 50 тон радыеактыўнага пылу. І што паводле фізыкаў, у сярэдзіне саркафагу працягваюцца рэакцыі, выдзяляюцца цяпло і газы... Акрамя таго “Газэта Выборча” робіць яшчэ адну выснову з досьведу 20 гадоў пасьля Чарнобыля – аварыя наблізіла людзей да Бога, паклікала іх у цэрквы.
XS
SM
MD
LG