Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: актывістаў апазыцыі выклікалі ў ваенкамат (абноўлены)


Радыё Свабода, Горадня На сёньняшні дзень былі выкліканыя ў ваенны камісарыят некалькі грамадзкіх актывістаў, сярод якіх Сяргей Антусевіч і Тадэвуш Гавін. Яны мяркуюць, што позвай ім хацелі перашкодзіць удзельнічаць у Чарнобыльскім шляху ў Менску.

У Тадэвуша Гавіна паабяцалі забраць на вайсковы зборы напачатку чэрвеня. Ён мяркуе, што гэта можа быць зьвязана з агульнабеларускім фэстам нацыянальных культураў, які адбудзецца ў Горадні якраз напачатку чэрвеня. Галоўная Рада непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў (на чале з Анжалікай Борыс), у які ўваходзіць Тадэвуш Гавін, заклікала раней беларускіх палякаў байкатаваць гэты фэст.

Іншага актывіста сёньня выклікалі ў ваенкамат, каб пацьвердзіць, што ён па-ранейшаму не прыдатны да вайсковай службы. Атрымаў позву і кіраўнік Незалежнага прафсаюзу прадпрыемства “Азот” Сяргей Антусевіч.

(Антусевіч: ) “Такія позвы атрымалі больш за пятнаццаць чалавек. Канечне, вельмі дзіўна тое, што ўсіх актывістаў выклікалі менавіта сёньня. Усе мы зьвязваем гэта з правядзеньнем у Менску Чарнобыльскага шляху”.

Сяргей Антусевіч зазначае, што многім актывістам загадалі прыйсьці ў ваенкамат паўторна ў другой палове дня.
XS
SM
MD
LG