Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч: “Для нас вельмі важныя мірныя акцыі пратэсту”


Радыё Свабода Сёньня ў дзень 20-ай гадавіны аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі ў Менску адбудзецца “Чарнобыльскі шлях”. Арганізатары сёлетняй акцыі ў часе падрыхтоўкі сутыкнуліся з шэрагам праблемаў – улады не дазволілі пачаць шэсьце з Кастрычніцкай плошчы, забаранілі ўжываць падчас акцыі незарэгістраваную сымболіку, а таксама папярэдзілі кіраўнікоў партый пра магчымыя арышты, калі тыя зьявяцца на Кастрычніцкай плошчы.

Складанасьці ў арганізатараў “Чарнобыльскага шляху” ўзьніклі ў сувязі з пераносам месца збору ўдзельнікаў акцыі – з заяўленай Кастрычніцкай плошчы на вызначаную Менгарвыканкамам пляцоўку каля Акадэміі Навук. Лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч прыедзе на Кастрычніцкую плошчу з тым, каб перавесьці людзей да месца дазволенага збору.

(Мілінкевіч: ) “Паколькі інфармацыя даўно распаўсюджаная аб тым, што зьбіраемся на Кастрычніцкай, то, на жаль, будзе два месцы збору. Я асабіста прыйду на Кастрычніцкую плошчу і запрапаную людзям прайсьці праз цэнтар Менску да Акадэміі навук, а потым плянуем паход яшчэ і на Бангалор. На Акадэміі Навук таксама зьвярнуся да людзей і раскажу аб тым, на чым будзе грунтавацца новы рух, якія ягоныя мэты. Пагаворым аб сумным чарнобыльскім юбілеі. Я яшчэ раз падкрэсьліваю, што для нас вельмі важныя на гэтым этапе мірныя акцыі пратэсту”.

Кіраўнік арганізацыйнага камітэту “Чарнобыльскага шляху” Віктар Івашкевіч паведаміў Свабодзе, што напярэдадні ў гарадзкім аддзеле міліцыі яго папярэдзілі, што калі на Кастрычніцкай плошчы зьявяцца палітычныя лідэры, то іх могуць арыштаваць. У панядзелак на палітычнай радзе аб’яднаных дэмакратычных сілаў было прынятае рашэньне, што кіраўнікі палітычных партый і кааліцый павінны па магчымасьці прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу і, зарганізаваўшы там людзей, павесьці іх да Акадэміі Навук.

(Івашкевіч: ) “Міліцыя мае ўстаноўку не рабіць “карцінку злачыннага рэжыму”. На плошчы яны будуць паведамляць людзям, каб тыя разыходзіліся, ішлі на Акадэмію навук, і калі людзей будзе мала, то іх будуць з плошчы выціскаць. Магчыма, з самага пачатку паставяць ачапленьне. Але ў любым выпадку, нават калі б ўлады цалкам задаволілі заяўку, то Кастрычніцкая плошча – толькі месца збору. Усё роўна трэба было б ісьці да Акадэміі Навук. Дык яны і пойдуць”.

А вось што сказаў Радыё Свабода адносна дзеяньняў міліцыі падчас “Чарнобыльскага шляху” кіраўнік прэсавай службы менскай міліцыі Алег Сьлепчанка.

(Сьлепчанка: ) “Міліцыя будзе несьці службу аховы грамадзкага парадку як звычайна. У месцах масавага збору людзей будзе большая колькасьць супрацоўнікаў, дзе будзе менш людзей, там будзе менш міліцыянтаў. Будзем прымаць неабходныя меры для гарантаваньня бясьпекі людзей”.

На пытаньне Радыё Свабода пра дзеяньні міліцыі ў дачыненьні да людзей, якія прыйдуць на Кастрычніцкую плошчу, спадар Сьлепчанка адказаў наступнае.

(Сьлепчанка: ) “Усё будзе бачна па абстаноўцы”.

У гарадзкім аддзеле міліцыі заяўніка й старшыню аргкамітэту “Чарнобыльскага шляху” Віктара Івашкевіча папярэдзілі пра недапушчальнасьць выкарыстаньня незарэгістраванай сымболікі. Да таго ж міліцыя патрабуе, каб удзельнікі шэсьця ішлі па ходніках. Калі ж гэтыя патрабаваньні ня будуць выкананыя, спадара Івашкевіча папярэдзілі, што ён будзе аштрафаваны альбо арыштаваны на 15 сутак.

Сёлета “Чарнобыльскі шлях” пройдзе пад дэвізам “Свабода. Праўда. Справядлівасьць”, які быў агучаны падчас выбарчай кампаніі камандай Аляксандра Мілінкевіча. Арганізатары акцыі мяркуюць, што яна будзе мець і экалягічны, і палітычны характар, бо аварыя на ЧАЭС была ня толькі тэхнагеннай катастрофай, але і палітычнай праблемай, наступствы якой доўгі час замоўчваліся.
XS
SM
MD
LG