Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці вырашыць праблему ліквідатара чарговы кіраўнік Івацэвіцкага раёну?


Радыё Свабода У бліжэйшы чацьвер жыхар гораду Івацэвічы на Берасьцейшчыне Мікалай Гацуковіч запрошаны на прыём у райвыканкам. Для чалавека, які мае інваліднасьць у сувязі з захворваньнем, выкліканым наступствамі аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі, гэта будзе сустрэча з чацьвёртым па ліку кіраўніком мясцовай “вэртыкалі”.

Жонка й сын Мікалая Гацуковіча жывуць у Івацэвічах пад дахам пяціпавярховага дому. А гаспадар кватэры, які ў свае 52 гады ня мае сілы падымацца па лесьвіцы, мусіць заставацца ў былым будаўнічым бараку.

(Гацуковіч: ) “Тут толькі бамжы жывуць. Адны зь іх гандлююць сьпіртам і самагонкай, а іншыя – п’юць. Атрымліваецца, што мне цяпер ні туды й ні сюды”.

Са словаў Мікалая Гацуковіча, ад красавіка 1986 году ён тры разы быў выпраўлены на прымусовую працу ў Чарнобыльскую зону. Атрымаў павышаную дозу радыяцыі й моцна хварэе.

(Гацуковіч: ) “Задыхаюся. Баліць сэрца. А яшчэ ў мяне захворваньне костак. Я больш як кілямэтар не магу за дзень адолець, разбураюцца тазабедраныя суставы й увогуле косьці”.

Пакуты чарнобыльскага ліквідатара ўзмацняе жыльлёвая неўладкаванасьць. Ён даўно просіць уладу дапамагчы абмяняць кватэру з пятага паверху на першы. Але тры былыя кіраўнікі мясцовай “вэртыкалі” свае абяцаньні не выканалі. Пра намеры цяперашняга старшыні Івацэвіцкага райвыканкаму Анатоля Ткачука даведацца па тэлефоне не ўдалося.

(Дзяжурны: ) “Няма зараз. Крыху пазьней будзе”.

Лёс Мікалая Гацуковіча непакоіць грамадзкае аб”яднаньне “Беларускі сацыяльна-экалягічны саюз“Чарнобыль”. Ягоны кіраўнік Васіль Якавенка лічыць, што інвалід патрапіў у тыповую сытуацыю абыякавасьці.

(Якавенка: ) “Гэта падкрэсьлівае якраз адносіны нашых уладаў да людзей, якія тушылі чарнобыльскі пажар, ахвяруючы сваім здароўем і нават жыцьцём. Да людзей, якіх можна лічыць нават героямі, ставяцца абыякава. Пасьля 20-й гадавіны на іх, мажліва, яшчэ больш будуць забываць”.

Паводле афіцыйных дадзеных, у Беларусі цяпер амаль 210 тысячаў чалавек маюць чарнобыльскую інваліднасьць. У амаль трох тысячах паселішчаў, якія пацярпелі ад радыяцыі, пражывае звыш паўтара мільёну чалавек.
XS
SM
MD
LG