Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Творчая актыўнасьць у Беларусі зьнізілася ў 10 разоў


Радыё Свабода Сёньня Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасьці. У многіх краінах яго шырока адзначаюць тыя, хто працуе ў сфэры аховы, абароны і выкарыстаньня адкрыцьцяў, вынаходніцтваў... Што хвалюе беларускіх вынаходнікаў, творцаў і абаронцаў іх правоў?

У Беларусі, паводле афіцыйных асобаў, сыстэма аховы інтэлектуальнай уласнасьці актыўна ўдасканальваецца ў адпаведнасьці з міжнароднымі тэндэнцыямі. Дзяржаўную палітыку ў гэтай сфэры рэалізуе Нацыянальны цэнтар, прадстаўнік якога Аляксандар Чэнада паведаміў.

(Чэнада: ) “Дзесьці больш тысячы заявак на вынаходніцтвы мы прымаем, каля 600-700 заявак на карысныя мадэлі, на таварныя знакі наагул заявак пад тры тысячы…З былых нашых саюзных рэспублік пасьля Расеі і Ўкраіны мы займаем стабільнае трэцяе месца”.

Між тым, ёсьць і іншая статыстыка, якая адлюстроўвае сытуацыю ў сфэры інтэлектуальнай уласнасьці. Вядома, што ў многіх краінах тэхнічны прагрэс рухаюць вынаходнікі і рацыяналізатары. Яскравы прыклад таму – Японія, дзе гэтыя творцы лічацца элітай грамадзтва і маюць зь яго боку вялікую падтрымку. У Беларусі, аднак, колькасьць гэтых асобаў у апошнія гады рэзка скарацілася. Гаворыць старшыня Менскай абласной рады Беларускага таварыства вынаходнікаў і рацыяналізатараў прафэсар Мікалай Герасіменя.

(Герасіменя: ) “Скарацілася ў дзесяць разоў. Такога я яшчэ не бачыў, як ў апошнія 10-15 гадоў. Міністэрствы ўсе без выключэньня самаўхіліліся. З кіраўнікоў не пытаюць, а тым і ня трэба. Мы ж, беларусы, дурнейшымі ня сталі. А творчая актыўнасьць зьнізілася ў 10 разоў. Гэта надзённая праблема”.

Прыярытэтным накірункам дзяржаўнай палітыкі ў цяперашняй Беларусі, як кажуць чыноўнікі, стала супрацьдзеяньне парушэньню правоў у сфэры інтэлектуальнай уласнасьці – у прыватнасьці, барацьба з так званым пірацтвам”. Экспэрты ж падкрэсьліваюць, што вынікі гэтай барацьбы сьціплыя. Адзін з такіх пацярпелых ад “піратаў” – вядомы беларускі актор і сьпявак Аляксей Шадзько.

(Шадзько: ) “Скралі ў мяне шмат чаго. Напрыклад, для агітацыйнага роліка ў мяне скралі музыку. Нядаўна – перад выбарамі. Я сам бачыў гэта па тэлевізіі. Агітацыйны ролік “За Беларусь”. Гэта было аформлена маёй музыкай”.

Паводле спадара Шадзько, зьвяртацца ў дзяржаўныя ворганы па абарону сваіх правоў ён не зьбіраецца. І найперш таму, што ня верыць у эфэктыўнасьць беларускай сыстэмы абароны правоў інтэлектуальнай уласнасьці.
XS
SM
MD
LG